Яўгена Скрабца асудзілі на суткі

Ён быў затрыманы ў суботу ў Лідзе падчас акцыі супраць будаўніцтва беларускай АЭС. У нядзелю дзяжурны судзьдзя асудзіў яго на адны суткі.

У суботу лідзкія моладзевыя актывісты хадзілі па вуліцах гораду з расьцяжкай “Не — новаму Чарнобылю!” і раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра небясьпеку будаўніцтва АЭС у Беларусі. На тварах у іх былі ватна-марлевыя павязкі.

Трох актывістаў затрымала міліцыя, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы. Потым Ганну Бунько й Яўгена Рудога адпусьцілі, а Яўгена Скрабца пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, матывуючы гэта тым, што ён не мясцовы і, маўляў, яго цяжка потым будзе знайсьці.

Насамрэч Яўген Скрабец зь Берасьця. Ён працуе на Радыё Рацыя і ў Ліду прыяжджаў да сваіх сяброў.

У нядзелю адбыўся суд. Са слоў Яўгена Скрабца, яго судзіў дзяжурны судзьдзя. Паколькі ноч Скрабец правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, у нядзелю яго адпусьцілі.