Ватыкан назваў час і месца сустрэчы з Лукашэнкам

Паводле прэсавай службы Ватыкану, першая ў гісторыі сустрэча прадстаўніка беларускіх уладаў з папам рымскім мае адбыцца а 11-й гадзіне 27 красавіка на прыватнай спэцыяльнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы.

Пасьля адбудзецца сустрэча і размова прэзыдэнта Лукашэнкі зь дзяржсакратаром Ватыкану кардыналам Тарчызіё Бэртонэ, які летась упершыню наведаў Беларусь. Тады ў часе сустрэчы беларускі кіраўнік афіцыйна перадаў папу Бэнэдыкту XVI запрашэньне наведаць Беларусь у любы “зручны для яго час”.

Як паведамілі ў Ватыкане, пратакол сустрэчы залежыць ад тыпу аўдыенцыі. Калі візыт мае дзяржаўны ўзровень, то пратакол дастаткова складаны, з удзелам значна большай колькасьці швайцарскіх гвардзейцаў. У выпадку з Лукашэнкам сустрэча мае прыватны характар.
Звычайна гвардзейцы суправаджаюць госьця да дзьвярэй залі, дзе мае адбыцца сустрэча, а ўваходзіць госьць туды адзін. Папа Бэнэдыкт XVI валодае дзясяткамі моваў, аднак, адрозна ад свайго папярэдніка Яна Паўла II, не гаворыць ні па-беларуску, ні па-расейску. Таму размова будзе весьціся з дапамогай перакладчыка.

Пасьля размовы, калі папа з госьцем выйдуць з залі, той павінен прадставіць асобаў, якія яго суправаджаюць.

Згодна з пратаколам, госьця такога рангу павінен суправаджаць амбасадар пры Сьвятым Пасадзе — гэта Сяргей Алейнік. Ня выключана, што на сустрэчы будуць прысутнічаць арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і яшчэ два-тры чалавекі.

Паводле традыцыяў, звычайна зьмест такіх афіцыйных сустрэчаў агучваецца прэсавай службай Ватыкану ўжо пасьля аўдыенцыі папы з госьцем. Пагатоў калі сустрэча, як у гэтым выпадку, носіць “далікатны характар” і пра яе загадзя не абвяшчалі нават супрацоўнікам Ватыкану.

Тым часам беларускі кіраўнік у сваім учорашнім пасланьні да парлямэнту і народу Беларусі сказаў адносна магчымай аўдыенцыі наступнае:

“Магчыма, мой візыт у госьці да папы рымскага зыходзіць з таго, што кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу найвышэйшым чынам ацэньвае тое, што мы робім для каталікоў. Патрыярх найвышэйшым чынам ацэньвае тое, што мы робім для праваслаўных”.