Беларускія ўлады пайшлі на дыялёг па правах чалавека

Першы раўнд перамоваў Беларусі і Эўразьвязу аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека пройдзе ў канцы красавіка ў Брусэлі.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ва ўпраўленьні Ўсходняй Эўропы, Паўднёвага Каўказу і Цэнтральнай Азіі генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Эўракамісіі.

21 красавіка ў бэльгійскай сталіцы падчас папярэдніх перамоваў бакі абмеркавалі фармат дыялёгу аб захаваньні правоў чалавека.

Гэты дыялёг прадугледжвае рэгулярныя сустрэчы прадстаўнікоў структур ЭЗ, краіны-старшыні ЭЗ і прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Абмяркоўвацца будзе ня толькі сытуацыя ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце. Дыялёг стаў магчымым пасьля таго, як беларускія ўлады абвясьцілі, што гатовыя яго пачаць.