“Мультклюб” выйшаў на дыску

Гэта падсумаваньне ўсяго, што зрабілі ўдзельнікі праектаў “Мультклюб” і “Народнае тэлебачаньне” пачынаючы з 2004 года.
На дыску сабраныя мультфільмы, дакумэнтальнае відэа, гульні, міксы, кнігі, фотажабы.

Першыя мультфільмы, героем якіх стаў чалавек, вельмі падобны на кіраўніка краіны, зьявіліся ў 2004 годзе на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”. У 2005 годзе супраць стваральнікаў “Мультклюбу” завялі крымінальную справу па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта краіны. Пэрсанаж мульфільмаў падаўся сьледчаму пракуратуры падобным да Аляксандра Лукашэнкі, хаця аўтары папярэджвалі: супадзеньне герояў і рэальных людзей — выпадковае. Але гэтыя хітрыкі тады не дапамаглі. Мастак Алег Мініч зьехаў ва Украіну, а пазьней — у Нямеччыну. Павал Марозаў і адміністратар сайту “Мультклюба” Андрэй Абозаў папрасілі палітычнага прытулку ў Эстоніі і цяпер жывуць і працуюць у Таліне.

І вось Павал Марозаў і Андрэй Абозаў прадставілі сваю працу на дыску. Тут сабраныя найлепшыя мультфільмы: “Поле цудаў”, “Газавыя сны”, “Тэрарызм прыходзіць у Беларусь”, “Новыя беларускія казкі”, цыкль пра адмену ільготаў, найлепшыя відэасюжэты, кліпы, а таксама флэш-гульня, дзе героямі зьяўляюцца прадстаўнікі ўлады і апазыцыі, калекцыя фотакаляжаў і музычныя рэміксы ад DJ MiKoz’а.

Пытаюся ў Паўла, як удаецца трымаць руку на пульсе падзеяў у Беларусі, жывучы ў Таліне…

— Я, канечне, не адзін усім гэтым займаюся, у нас дастаткова вялікая каманда, падтрымліваем кантакты зь Беларусьсю, з рознымі генэрацыямі беларусаў — і з маладымі, і з больш сталымі людзьмі.
З інфармацыяй праблем няма. Ёсьць толькі адна праблема — пасьпяваць усё рабіць.
Ну і, канечне, ёсьць інтэрнэт. З інфармацыяй праблем няма. Ёсьць толькі адна праблема — пасьпяваць усё рабіць.

— Колькі чалавек занята ў праекце? І дзе вы знайшлі такіх цікавых мастакоў, дызайнэраў?

— Я лічу, што мульцікі — дастаткова ўнівэрсальны прадукт. Сетка гэта, па вялікім рахунку. Хтосьці больш займаецца так званымі «фатажабамі», хтосьці — анімацыяй, хтосьці — відэа. Збольшага, гэта валантэры. Можа быць, чалавекі 4-5 — гэта ядро праекту, і чалавек 10 валантэраў. Гэта людзі ня толькі зь Беларусі, але і з Эстоніі, Украіны, краінаў Эўразьвязу.

— А ёсьць у вас рэдкалегія, цэнзура, мастацкая рада?

— У прынцыпе нават па гэтым дыску можна пераканацца, што асаблівай цэнзуры няма. Бываюць творчыя сустрэчы віртуальныя, на якіх мы абмяркоўваем. Што мае сэнс зараз, што ня мае сэнсу. Але ўсё ў дастаткова лібэральнай плыні рэалізуецца.

— Але ўсё грунтуецца на дакумэнтальным матэрыяле, публіцыстыцы, альбо там ёсьць шмат мастацкіх домыслаў, прыдумак? Як вы знаходзіце балянс?

— Вельмі складана адказаць на гэта пытаньне… У нейкіх працах больш публіцыстыкі. Дакумэнталістыкі — нельга сказаць, бо гэта ўсё ж такі больш мастацкія творы. Ёсьць вымысел. Але ўсё ж такі асноўная ідэя — каб гэта было рэлевантна і цікава для тых, хто ў Беларусі жыве. Іронія — гэта асноўнае ў нашай справе. Я лічу, што без іроніі нейкія зьмены ў нашай краіне немагчымыя.