Ва Ўкраіне затрымалі ядзерных кантрабандыстаў

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала ў Цярнопальскай вобласьці трох украінскіх грамадзянаў, якія спрабавалі прадаць радыяактыўнае рэчыва, прыдатнае для выкарыстаньня ў тэрарыстычных мэтах. Паведамляецца, што сярод затрыманых ёсьць і дэпутат абласной рады.
Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, арганізаваная злачынная групоўка хацела збыць за 10 мільёнаў даляраў кантэйнэр з больш як трыма з паловаю кіляграмамі радыяактыўнага матэрыялу. Затрыманыя меркавалі, што прадаюць плютоніюм-239 – кампанэнт для стварэньня ядзернай бомбы. Двух бізнэсоўцаў і дэпутата арыштавалі на мінулым тыдні пры спробе продажу рэчыва – купляньнікам аказаўся агент украінскіх спэцслужбаў.

Пазьней стала вядома, што ў кантэйнэры быў не плютоніюм. Экспэртыза паказала, што прадавалі іншы хімічны прадукт – амэрыцыюм – нізкарадыяактыўнае рэчыва, выкарыстоўванае, да прыкладу, у дэтэктарах дыму і прамысловых датчыках.

Гэтае рэчыва не прыдатнае для стварэньня ядзернай бомбы, але ў руках тэрарыстаў можа несьці вялікую пагрозу. З дапамогаю амэрыцыюму льга вырабіць так званую “брудную” бомбу, дадаўшы яго, напрыклад, да такога звычайнага выбуховага рэчыва, як дынаміт. Пры выбуху такой бомбы радыяцыя можа распаўсюдзіцца на тэрыторыю дзясятка гарадзкіх кварталаў і пасеяць масавую паніку.

Згодна з інфармацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны, канфіскаваны ў Цярнопальскай вобласьці радыяактыўны матэрыял быў выраблены на тэрыторыі Расеі яшчэ за савецкім часам і кантрабандаю дастаўлены ва Ўкраіну.

У адносінах да ўсіх трох затрыманых пры спробе продажу амэрыцыюму заведзена крымінальная справа па артыкуле, які прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне радыяактыўных матэрыялаў. Бізнэсоўцам і дэпутату пагражае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.