Суд па скарзе Хведарука: журналістаў і праваабаронцаў выдалілі з залі

У Першамайскім судзе Менску праходзіць разгляд скаргі актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука на незаконныя дзеяньні прызыўной і мэдычнай камісіяў.

СЛУХАЦЬ:


Зьміцер Хведарук у судзе паведаміў, што 28 студзеня яго гвалтам завезьлі ў ваенкамат, а потым адвезьлі ў турму на Акрэсьціна нібыта адбываць пакараньне за ўдзел у леташняй акцыі на 1 траўня. Пазьней высьветлілася, што такой пастановы суду не было. Тым не меньш Хведарука 2 дні пратрымалі ў турме. Адтуль яго ў кайданках вазілі на мэдычны агляд у менскую паліклініку нумар 14, дзе абсьледаваньне было зроблена за 40 хвілін. У кайданках Зьмітра адвезьлі і ў вайсковую частку ў Жодзіна.

Судзьдзя Натальля Петух сказала Зьмітру, што не разумее сэнсу ягонай скаргі, бо не бачыць розьніцы ў тым, добраахвотна зьявіўся ён на прызыўны пункт ці яго адвезьлі ў кайданках. Пасьля таго як засьмяяліся вайскоўцы, што былі запрошаныя на працэс, судзьдзя выдаліла з залі журналістаў, праваабаронцаў, сяброў Зьмітра і маці былога палітвязьня Андрэя Кіма Тацьцяну, якую судзьдзя назвала “жанчынай, якой за 50”. Маладафронтаўцы падалі скаргу на дзеяньні старшыні суду Натальлі Петух.