Улада і апазыцыя ў Беларусі, 40 дзён з дня сьмерці праваабаронцы Яны Паляковай, сьвята Вялікадня ў пратэстантаў і каталікоў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
СЛУХАЦЬ:
Слухачы “Свабоды” працягваюць віншаваць тых хрысьціянскіх вернікаў, якія гэтымі днямі адзначаюць сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага:
Cпадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Віншую вас са сьвятам Вялікадня. Хрыстос уваскрос! Так хочацца верыць, што ўваскрэсьне наша краіна Беларусь, яе ліцьвінскі народ. А верыць так цяжка пасьля чарговых артыстычных выступаў нашага прэзыдэнта. Чаго толькі мы не наслухаліся ад яго! То амаль сэнтымэнтальны крык, што расейскія мэдыі пляжаць яго сыноў, то раптам пра Расею — мы асуджаны быць разам. Няшчасная Расея асуджаная быць з Лукашэнкам. А можа, і не няшчасная зусім? Расейскі арол, выпусьціўшы са сваіх кіпцюроў цудоўную птушку Грузію, усё кружыць над ёй, адымаючы спакой у грузінскага народа. Так што, можа, на радасьць Расеі, што Лукашэнка асуджаны быць зь ёй. А мы асуджаны на далейшую русыфікацыю, на таптаньне беларускасьці. І ўсё ж будзем верыць — уваскрэсьнем, Бог не пакіне нас, асуджаных Лукашэнкам. Шчасьця вам, усім-усім, хто працуе на беларускай “Свабодзе”. Трымайце нас у веры”.
Наступнае выказваньне з нагоды 40 дзён з дня сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай:
Фёдар Лашкевіч: “Сорак дзён прайшло пасьля сьмерці праваабаронцы Яны Паляковай. І ўжо нейкі слухач заклікае гераізаваць яе вобраз. Палякова сваім самагубствам толькі паспрыяла рэжыму. Нельга ні ў якім разе рабіць яму такія дарагія падарункі. Беларусі і дэмакратыі мы патрэбны жывыя”.
Далей слухач задае пытаньне:
Спадар: “Хачу спытаць у Ады Райчонак. Калі яна будзе яшчэ ладзіць пленэр? Калі можна будзе прыехаць паглядзець гэты пленэр на Шаркаўшчыну? Дзякуй Богу, што ёсьць такія людзі ў Беларусі, як Ада Райчонак”.
Адказвае краязнаўца і грамадзкая дзяячка, заснавальніца прыватнага музэю на Віцебшчыне Ада Райчонак:
“Так, мы ладзім пленэры і правялі ўжо пятнаццаць. Усе яны драздовіцкія пленэры, але кожны зь іх прысьвячаецца якому-небудзь выбітнаму сыну Беларусі: Васілю Быкаву, Уладзімеру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Напалеону Орду. І адзін быў прысьвечаны майму нябожчыку сыну Міхасю, зь якім мы пачыналі ўсю нашую працу. Пленэр, які плянуецца на 1 жніўня, будзе прысьвечаны Яну Баршчэўскаму. Калі ласка, калі ёсьць у вас магчымасьць прыехаць, то зьвяжыцеся са мной па тэлефоне: 215-75-28 (МТС)”.
На заканчэньне — яшчэ адно віншаваньне з нагоды Вялікадня.
Спадарыня: “Даражэнькія суайчыньнікі!
Хрыстос уваскрос і сьвет прачнуўся
Вясной на гольлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі —
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
Каб сьветач праўды не пагас,
Уваскрос ён для крывіцкіх сёлаў,
Уваскрос ён, брацьці, і для нас!
Так, будзем помніць мы ў кайданах,
Падняўшы сэрцы угару,
Што так, як Бог укрыжаваны,
Уваскрэсьне наша Беларусь”.
Ларыса Геніюш”
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.