Захар Шыбека: Горадня была горадам сьвятароў і храмаў

Захар Шыбека

6 красавіка ў Горадні адбылася сустрэча з Захарам Шыбекам, які прадставіў сваю кнігу “Гарадзкая цывілізацыя: Беларусь і сьвет”.

Яна ўяўляе зь сябе курс лекцый, якія гісторык прачытаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Адбылася сустрэча зь менскім дасьледчыкам у традыцыйным месцы — памяшканьні гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай школы.

Захар Шыбека, у прыватнасьці, распавёў, чым яго прываблівае Горадня. Ён сказаў, што горад мае вялікую гістарычную спадчыну, ён быў горадам каралеўскіх рэзыдэнцый у часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

“Гэта для мяне вельмі сымпатычна”, — падкрэсьліў гісторык і дадаў: “Мы, дасьледчыкі гісторыі, яшчэ дасканала ня вывучылі і не асэнсавалі духоўную ролю Горадні. Гэта быў горад сьвятароў і храмаў. Ёсьць такія зьвесткі, што дзесьці напачатку 18 стагодзьдзя чвэрць насельніцтва гораду складала духавенства. Гэта быў магутны духоўны горад на беларускіх землях”.