Бізнэсоўцы пратэстуюць супраць “раскулачваньня”

Cход прадпрымальнікаў на Цэнтральным рынку Гомелю

Сёньня раніцай на Цэнтральным рынку Гомелю адбыўся сход, на які сабраліся прадпрымальнікі ня толькі з абласнога цэнтру, але і з Мазыра, Жлобіна, Сьветлагорску й Рагачова.

Яны патрабавалі ад аблсавету адмены ўведзеных зь першага красавіка новых ставак адзінага падатку. Створана абласная рада прадпрымальнікаў дзеля адстойваньня інтарэсаў дробнага бізнэсу. У яе склад увайшлі прадстаўнікі ўсіх рынкаў Гомелю, а таксама сямі буйнейшых гарадоў Гомельскай вобласьці.

Падвышэньне падаткаў ды арэнды за працу на рынках у красавіку змусілі прадпрымальнікаў да актыўных пратэстаў. Прычым, абласныя ўлады зацьвердзілі падвышэньне без супраціву з боку афіцыйных радаў прадпрымальнікаў пры выканкамах і рынках.

Гаворыць Валерый Баркавец з Мазыра:
Адбываецца самае звычайнае раскулачваньне, як гэта было ў 30-я гады ...

“Адбываецца самае звычайнае раскулачваньне, як гэта было ў 30-я гады. Насьцярожвае той факт, што рады прадпрымальнікаў адбываюцца практычна пад грыфам “сакрэтна”. Там раздаюць меркаваныя стаўкі адзінага падатку, а пасьля паседжаньня гэтыя праектныя стаўкі забіраюць. І пакуль не надрукуюць у газэце, памер гэтых ставак ніхто ня ведае. Чаму гэтая інфармацыя зьяўляецца амаль што ваеннай таямніцай?

З прадпрымальнікамі ў рэгіёне дэпутаты аблсавету не працуюць. І ў выніку прыяжджаюць у Гомель проста прагаласаваць”.

Старшыня рады Цэнтральнага рынку Гомелю Аляксандар Рубчэня распавёў, што прадпрымальнікі ня могуць дагрукацца са сваімі праблемамі да абласных чыноўнікаў. У прыватнасьці, да старшыні аблсавету Валера Сяліцкага:

“Мы, прадстаўнікі прадпрымальнікаў Гомельскай вобласьці, зьвярнуліся ў аблсавет, каб нас прыняў старшыня савету дэпутатаў. Ён нас не прыняў. Аднак у пятніцу зьбіраецца прымаць прадстаўнікоў зь Менску, якія ў нас, у Гомелі, ніякіх пытаньняў не вырашаюць. Вось што крыўдна! А нас, людзей, якія тут жывуць, наўпрост ігнаруюць”.

Каб адстойваць свае інтарэсы, удзельнікі на сходзе вырашылі стварыць абласную раду прадпрымальнікаў. У яе склад увайшлі кіраўнікі існуючых радаў рынкаў сямі найбуйнейшых гарадоў рэгіёну — Гомелю, Мазыра, Калінкавічаў, Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіна й Рагачова.

І паколькі паразуменьня зь мясцовымі ўладамі ў справе прызначэньня высокіх падаткаў прадпрымальнікі не знаходзяць, вырашана супольна распавесьці пра сытуацыю кіраўніку дзяржавы. Так, прынамсі, прапанавала старшыня рады аднаго з рынкаў Сьветлагорску:

“Сёмага красавіка да нас, у Сьветлагорск, прыяжджае прэзыдэнт. Вельмі шмат праблемаў — вытворчых, эканамічных. Такая прапанова: з усіх раёнаў Гомельскай вобласьці сабрацца прадпрымальнікам, паколькі ў нас адна набалелая праблема, і выйсьці да прэзыдэнта й яго прадстаўнікоў і распавесьці пра нашу набалелую праблему. Распавесьці так, як ёсьць на самой справе. А ня так, як малююць у аблсаветах і аблвыканкамах”.

Пра цяжкую сытуацыю, у якую патрапілі прадпрымальнікі пасьля істотнага падвышэньня ставак адзінага падатку, апавяла гомельская прадпрымальніца спадарыня Валянціна:
Нам ужо сям’ю няма як пракарміць...

“Мы ад аблсавету патрабуем паніжэньня ставак. Продаж на нулі, няма чым плаціць. Калі б быў даход, як у папярэднія гады, мы б не абураліся, плацілі б паціху. У сувязі з крызісам і нашыя мужыкі сталі зарабляць менш у сябе на працы. Нам ужо сям’ю няма як пракарміць”.

На здымку: сход прадпрымальнікаў на Цэнтральным рынку Гомелю.