Пра гэта са спасылкай на дадзеныя сацыёлягаў навукова-дасьледчага інстытуту “GfK Polonia” паведамляе польскае выданьне “Rzeczpospolita”.
У апытаньні, якое было праведзена 20—22 сакавіка, узялі ўдзел прыкладна 1000 палякаў. Як вынікае, “страшным палітыкам” беларускага прэзыдэнта палічылі 11% апытаных.
Больш за Лукашэнку палякі баяцца прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэджада (26%), яшчэ больш — старшыні нямецкага Зьвязу выгнаных, дэпутаткі Бундэстагу Эрыкі Штайнбах. Самы ж вялікі страх у палякаў выклікае асоба расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна (56%).
Як вынікае з апытаньняў, Расея ў сьвядомасьці палякаў — галоўная краіна, адкуль можа паходзіць небясьпека для Польшчы. Так лічаць 58% рэспандэнтаў.
22% баяцца Ірану. Па 13% апытаных найбольшую пагрозу для палякаў і Польшчы бачаць з боку Беларусі і Нямеччыны.