Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лоб’якас: Лукашэнку хутчэй за ўсё запросяць у Прагу


Мы прапрасілі Ахта Лоб’якаса, шматгадовага карэспандэнта Радыё Свабода пры структурах Эўразьвязу ў Брусэлі, падзяліцца сваёй ацэнкай, што значыць зацьверджаньне Ўсходняга партнэрства самітам Эўразьвязу на мінулым тыдні і якая ў ім роля Беларусі.

Максімюк: Ахта, перад самітам Эўразьвязу 19-20 сакавіка, на якім разглядалася Ўсходняе партнэрства, было шмат размоваў пра тое, ці запросяць туды Беларусь, а калі так — дык зь якімі ўмовамі. Цяпер мы ўжо ведаем рашэньне Эўразьвязу. Але няяснасьць усё-ткі застаецца — запрасілі Беларусь ва Ўсходняе партнэрства зь нейкімі умовамі ці бязь іх?

Ахта Лоб’якас: Каб быць зусім дакладным, дык трэба сказаць, што на мінулым тыдні саміт Эўразьвязу зацьвердзіў папярэдняе запрашэньне Беларусі. Гэтае запрашэньне не раўназначнае запрашэньню Лукашэнкі ці кагосьці зь ягонай адміністрацыі на саміт 7 траўня, калі адбудзецца інаўгурацыя партнэрства. Пакуль так станецца, беларускі рэжым мусіць нешта даказаць. Перш за ўсё, ён не павінен прызнаць ні Абхазіі, ні Паўднёвай Асэтыі. Дыпляматы Эўразьвязу кажуць, што Беларусь знаходзіцца пад вялізным ціскам, каб прызнаць іх, і што калі б яна так зробіла, дык гэта надзвычайна ўскладніла б сытуацыю. Бо калі Беларусь прызнае адзін з гэтых рэгіёнаў або абодва, дык Грузія ня зьявіцца на саміце. Так што гэта — галоўная ўмова. І ёсьць яшчэ агульная ўмова — каб сытуацыя ў Беларусі не пагоршала да 7 траўня.

Максімюк: Значыць, калі б міліцыя разагнала апазыцыйны мітынг у Менску на Дзень Волі, дык Эўразьвяз мог бы перадумаць і скасаваць запрашэньне?

Ахта Лоб’якас:
Цяжка сказаць. Прыгадайма, што тры гады назад візавыя санкцыі былі ўведзеныя і абвостраныя якраз пасьля разгонаў апазыцыйных дэманстрацыяў. Так што, безумоўна, такія паводзіны паўплывалі б на мысьленьне людзей у Эўразьвязе. Але з другога боку, зь нядаўняга часу сябры Эўразьвязу, асабліва тыя з Усходняй Эўропы, дайшлі да перакананьня, што ў змаганьні Эўразьвязу супраць Расеі за ўплывы Беларусь зьяўляецца ключавой краінай, што безь Беларусі ўся гэтая ініцыятыва Ўсходняга партнэрства асуджаная на паразу, што безь Беларусі яна страціць шмат са сваёй прывабнасьці і, так бы мовіць, моцы. Ну бо яе шматбаковы характар — фактычна адзінае, што адрозьнівае гэтую ініцыятыву ад ранейшай эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

Максімюк: Ахта, скажыце, калі ласка, якая насамрэч розьніца для эўрапейцаў паміж Азэрбайджанам і Беларусьсю, паміж Ільхамам Аліевым і Аляксандрам Лукашэнкам? Чаму першага прымаюць безь ніякіх умоваў, а другому іх выстаўляюць?

Ахта Лоб’якас: Гэта адно з тых пытаньняў, якія нячаста ставіцца ў Брусэлі. Праўду кажучы, я такога пытаньня ня чуў раней. Нядаўна я сам паставіў гэтае пытаньне Бэніце Фэрэра-Вальднэр, камісару Эўразьвязу па зьнешніх дачыненьнях. Адказ на яго зводзіцца да вельмі простага сьцьвярджэньня: стыль дыпляматыі Ілхама Аліева, прэзыдэнта Азэрбайджану, больш адпавядае Эўразьвязу па духу, чым стыль Аляксандра Лукашэнкі. Гэта значыць, што стыль Аліева больш дапасаваны да падыходу Эўразьвязу, які можна акрэсліць трыма словамі: размаўляць, размаўляць, размаўляць. Калі іншы бок хоча размаўляць, дык Эўразьвяз працягвае руку. У Брусэлі пануе перакананьне, што пакуль ідуць размовы, дык застаецца шанец, што на нешта можна паўплываць. Ёсьць спадзяваньне, так бы мовіць, на дэмакратызацыю зьверху ўніз. Пакуль Лукашэнка будзе размаўляць, зь ім будуць абыходзіцца вельмі мякка, і ён будзе мець крэдыт даверу.

Максімюк: На працягу шматлікіх гадоў Эўразьвяз выразна падтрымліваў беларускую апазыцыю і гаварыў фактычна толькі зь ёю. Цяпер мы бачым, што Брусэль пачынае надаваць большую вагу размовам з Лукашэнкам ці, прыкладам, Аліевым. Ці гэта значыць, што мы зьяўляемся сьведкамі зьмены парадыгмы ў дачыненьнях Эўразьвязу з рэпрэсіўнымі рэжымамі на постсавецкай прасторы?

Ахта Лоб’якас: Так. І гэта шмат у чым зьвязана з расейска-грузінскай вайною. Перад ёю ў Эўразьвязе была палітыка добрасуседзтва, якая засяроджвалася на двухбаковых адносінах — напрыклад, паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, але не паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ў зьвязцы з Украінай і Малдовай. Пасьля расейска-грузінскай вайны ўсе вельмі хутка ўсьвядомілі, што Эўразьвяз павінен сур’ёзна паставіцца да сваіх суседзяў і сур’ёзна паставіцца да Расеі. Адным з важных наступстваў гэтага ўсьведамленьня была зьмена погляду на супрацьлеглы адносна ўжываньня санкцыяў. У кастрычніку мінулага году, калі санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі былі прыпыненыя, санкцыі супраць Узбэкістану зьніклі поўнасьцю. Рашэньне па гэтых санкцыях прымалася ў той самы дзень на той самай сустрэчы. Гэта ўсё трэба прыпісваць зьмене палітычнай парадыгмы ў Эўразьвязе, які хоча скласьці сур’ёзную канкурэнцыю расейскім уплывам.

Максімюк: Ахта, а як вы асабіста лічыце — Аляксандра Лукашэнку запросяць на саміт у Прагу?

Ахта Лоб’якас: Калі ня здарыцца нічога дрэннага ў большым маштабе і ён будзе паводзіць сябе так, што Эўразьвяз зможа гэтыя паводзіны пераварыць і сьцярпець, дык я думаю, што запросяць. Саміт у Брусэлі падаў знак, што якраз так і станецца. Нідэрляндзкі прэм'ер-міністар Ян Пэтэр Бальканэндэ, які быў адзіным выразным апанэнтам такога запрашэньня, моцна падкрэсьліў, — і гэта яму паабяцаў чэскі бок, які старшынюе ў Эўразьвязе — што калі Лукашэнка прыедзе ў Прагу, яго патрактуюць так, як Эўразьвяз патрактаваў Робэрта Мугабэ некалькі гадоў таму. Мугабэ, супраць якога дзейнічаюць візавыя санкцыі Эўразьвязу, дазволілі тады прыехаць у Партугалію, але паддалі вельмі вострай публічнай крытыцы, між іншым, з боку Ангелі Мэркель. Гэтым разам гэта неабавязкова будзе Мэркель, але нехта напэўна ўлупіць яму па поўнай праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG