Злачынцаў не знайшлі, затое знайшлі мабільнік

Артур Фінькевіч

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч наведаў міліцыю Першамайскага раёну, дзе яму ўручылі мабільны тэлефон, адабраны раней людзьмі ў цывільным падчас зьбіцьця.
19 сьнежня невядомыя схапілі Артура Фінькевіча каля дома, кінулі ў машыну і, нацягнуўшы яму на галаву куртку, пачалі зьбіваць. Яны вывезьлі Артура за горад і там выкінулі з машыны.

Хлопец выйшаў на трасу і там ад кіроўцы даведаўся, што знаходзіцца ў Валожынскім раёне. Мабільнага тэлефона ў яго ўжо не было.

Міліцыянты паведамілі Артуру Фінькевічу, што ягоны мабільнік знайшлі падлеткі ў нейкай канаве ў Валожынскім раёне. У ім не было сім-карткі і акумулятара. Асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, дагэтуль не знайшлі.