Магілёўскіх уладоўцаў павіншавалі з Днём волі

Горацкія й бялыніцкія актывісты апазыцыі павіншавалі кіраўнікоў сваіх райвыканкамаў з Днём Волі.
У Горках віншавальную паштоўку старшыні раённай вэртыкалі Міхаілу Анікееву актывісты прынесьлі самі, а ў Бялынічах Аляксандру Вароніну даслалі заказным лістом.

Паводле горацкага актывіста Эдуарда Брокарава, спадара Анікеева ня толькі паштоўкай павіншавалі з 91-й гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, але й нагадалі, што менавіта гэтая падзея сталася штуршком да стварэньня бальшавікамі Савецкай Беларусі. Акрамя таго, без БНР не было б сёньняшняй незалежнай Беларусі.

Паводле бялыніцкага актывіста Барыса Вырвіча, спадара Вароніна таксама павіншавалі з Днём Волі й пажадалі яму ў Год зямлі плённай працы па адраджэньні культурных і матэрыяльных каштоўнасьцяў беларускага народу.