Віцебская міліцыя забараніла актывістам раздаваць газэты

Апоўдні сябры руху “За Свабоду”, стваранай партыі БХД і сацыял-дэмакраты прыхільнікі Мікалая Статкевіча віншавалі мінакоў з Днём Волі ў раёне плошчы Свабоды.
Актывісты раздавалі віншавальныя паштоўкі, а таксама бюлетэні “Крыніца”, “Прамень” і “Магістрат”, якія выдаюцца накладам 299 паасобнікаў.

Намесьнік начальніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі, які адказвае за грамадзкую бясьпеку, забараніў распаўсюджваць друкаваныя выданьні, пагражаючы затрыманьнем усіх удзельнікаў віншавальнай акцыі. Перамовы са спадаром Каліноўскім, а таксама віншаваньні гараджан здымаў на відэакамэру міліцыянт-відэаапэратар.

Некалькі актывістаў віншавалі мінакоў, якія ішлі па вуліцы Леніна зь іншага боку плошчы – па тэрыторыі Чыгуначнага раёну. Тамтэйшыя супрацоўнікі міліцыі акцыяй не зацікавіліся і прэтэнзій да ўдзельнікаў не выказвалі.

Адзначыць Дзень Волі віцебскія апазыцыянэры вырашылі сёньня яшчэ адной акцыяй: урачыстым ускладаньнем кветак да помніка Ўладзімеру Караткевічу і да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву а палове на шостую вечара.

Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ падаваў у гарвыканкам заяву, каб правесьці на плошчы свабоды сход грамадзянаў, прысьвечаны сёньняшняму сьвяту. Аднак гарадзкія ўлады дазволу на гэта не далі.