“Бацька” пачаў гульню па пошуку крэдытаў, дзе толькі можна

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 20-га сакавіка
Валер Карбалевіч
Апошнім часам Беларусь вядзе дыпляматычную гульню адначасова і з Расеяй, і з Эўропай. Як можна ацаніць вынікі перамоваў у Маскве? Ці выгадна Беларусі ўлучэньне ў праграму “Ўсходняе партнэрства”? Ці магчыма доўга працягваць палітыку балянсаваньня паміж Расеяй і Эўразьвязам?

Удзельнікі: філёзаф Аляксандар Грыцанаў і галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валерка Булгакаў.

Як можна ацаніць вынікі перамоваў у Маскве?

Валер Карбалевіч: “Нечаканы візыт Лукашэнкі ў Маскву на запрашэньне расейскага боку выклікаў шмат камэнтарыяў у мэдыях. Бо, па-першае, прэзыдэнты Беларусі і Расеі сустракаліся нядаўна, у мінулым месяцы. Па-другое, апошнім часам інтэнсіўна разьвіваецца дыялёг Беларусі з Эўропай, што не магло не спарадзіць трывогу ў Крамлі. Некаторыя мэдыі выказвалі вэрсію, што Мядзьведзеў выклікаў Лукашэнку на дыван, каб перашкодзіць збліжэньню Менску з Эўразьвязам. Як можна ацаніць вынікі перамоваў у Маскве?”

Аляксандар Грыцанаў: “
Беларускі “бацька” пачаў нескладаную гульню па пошуку крэдытаў, дзе толькі можна.
Беларускі “бацька” пачаў нескладаную гульню па пошуку крэдытаў, дзе толькі можна. Бо ён разумее, што крызіс набывае сур’ёзны маштаб. Прычым гэтыя грошы, здаецца, не плянуецца аддаваць.

Але я пакуль ня бачу асаблівых посьпехаў на гэтым шляху. Вось, напрыклад, Беларусь просіць у Расеі крэдыт у 100 млрд. расейскіх рублёў. Але рублі — гэта ж не даляры. Расея можа іх надрукаваць і выдзеліць Беларусі. Як гэта зрабіў колькі дзён таму Кітай. Але Масква марудзіць, фармулюе нейкія новыя ўмовы“.

Карбалевіч: “Вось, пра ўмовы. Сярод гэтых умоваў ёсьць такія, якія тычацца дачыненьняў Беларусі з ЭЗ?”

Грыцанаў: “Думаю, ЭЗ ня будзе значна ўплываць на Беларусь. Пытаньне ў тым, хто будзе далей аплачваць беларускі экспэрымэнт, беларускі „эканамічны цуд“. Пакуль ЭЗ ня вельмі жадае гэтым займацца. І на гэтым полі застаецца адна Масква”.

Валерка Булгакаў: “Зьвестак пра перамовы паміж Мядзьведзевым і Лукашэнкам вельмі мала. Мы бачылі карцінку і зьдзеклівыя, на мяжы сарказму, камэнтары расейскіх мэдыяў. Там Лукашэнка выстаўляецца як хлопчык для біцьця, які чарговы раз прыехаў прасіць. На яго выліваюць жоўць праўладныя камэнтатары”.

Гульня Беларусі з ЭЗ

Валер Булгакаў
Булгакаў: “Падзеі апошняга месяца ўскладнілі геапалітычную канфігурацыю Беларусі. Цяпер Менск імкнецца абаперціся нават не на два, а на тры кіты, калі браць крыніцы вонкавай запазычанасьці: Расея, Захад, Кітай. Зразумела, гэта прымяншае вагу расейскага фактару. І калі Масква ня выдзеліць гэты новы крэдыт, то каляпсу беларускай эканомікі ня здарыцца.

Ня трэба рэдукаваць цяперашнюю гульню Менску з Захадам выключна да выпампоўваньня адтуль грошай. Найперш рэжым зацікаўлены ў новых тэхналёгіях, інвэстыцыях“.

Карбалевіч: “Сёньня ЭЗ зацьвердзіў праграму „Ўсходняе партнэрства“, у якую ўлучаная і Беларусь, прычым без усялякіх умоваў. Гэты факт выклікае сур’ёзныя дыскусіі ў асяродзьдзі апазыцыі. Як вы ацэньваеце гэтыя зьмены ў замежнапалітычнай сытуацыі Беларусі?”

Грыцанаў: “Сапраўды, немагчыма ўявіць, каб 4-5 гадоў таму ЭЗ прапанаваў Беларусі падобную праграму. Пакуль незразумела, што атрымаецца з гэтага „Ўсходняга партнэрства“. Рубяжом для праясьненьня сытуацыі стане прызнаньне ці непрызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Выкананьня абавязаньняў Менску ў гэтым пытаньні чакаюць і на Усходзе, і на Захадзе. Пачакаем некалькі месяцаў”.

Булгакаў: “
Сам працэс збліжэньня Беларусі з ЭЗ, хоць ён і адбываецца ў такой куртатай, палавіністай форме, глыбока пазытыўны.
Пэўная частка апазыцыйнага сэгмэнту крытычна ўспрымае ўлучэньне Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства” таму, што гэта павышае міжнародную легітымнасьць лукашэнкаўскага рэжыму. Доўгія гады апазыцыя дамагалася, каб рэжым быў нелегітымным у вачах заходняй супольнасьці. Але аказалася, што вонкавая легітымнасьць — гэта слабы козыр ва ўнутрыпалітычных баталіях. Гэтае збліжэньне афіцыйнага Менску з ЭЗ адбываецца адначасова са зьніжэньнем узроўню кантактаў паміж лідэрамі апазыцыі і заходнімі палітычнымі лідэрамі. У гэтым сэнсе вельмі красамоўным быў візыт у Беларусь Хавіера Саляны, які не палічыў патрэбным сустрэцца з асноўнымі апазыцыйнымі лідэрамі.

Я лічу, што сам працэс збліжэньня Беларусі з ЭЗ, хоць ён і адбываецца ў такой куртатай, палавіністай форме, глыбока пазытыўны. Бо ён суправаджаецца пацяпленьнем палітычнага клімату ў краіне. Гэта паказаў досьвед мінулага году. 2008 год быў адзіным годам, пачынаючы з 1996-га, калі палітычная сытуацыя ў канцы году была лепшая, чым у пачатку“.

Балянсаваньне паміж Расеяй і Эўропай

Карбалевіч: “Падаецца, што афіцыйны Менск намацаў аптымальную мадэль замежнай палітыкі — балянсаваньне паміж Расеяй і Эўропай. І такая палітыка ўжо дае рэальныя дывідэнды. Прарваная міжнародная ізаляцыя. Крэдыты Беларусь атрымлівае і з Расеі, і з Захаду (МВФ). Ці можа такая палітыка працягвацца доўга? Ці ў такім шпагаце, як казаў нямецкі палітоляг Аляксандар Рар, доўга знаходзіцца немагчыма? І, верагодна, пытаньнем, якое разбурыць гэтую ідылію гульні на два бакі, будзе, напрыклад, праблема прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?”

Грыцанаў: “Стратэгічна гэтае балянсаваньне ўвогуле немагчымае”.

Карбалевіч: “
Расея хутка страціць свае пазыцыі на міжнароднай арэне.
Але гістарычны досьвед паказвае, што шмат якія краіны рабілі гэта доўгі час. Напрыклад, у часы халоднай вайны такую палітыку праводзіла Югаславія, краіны трэцяга сьвету. Яны балянсавалі паміж двума блёкамі і атрымоўвалі прэфэрэнцыі з абодвух бакоў. Чаму Беларусь ня можа паўтарыць гэты досьвед?”

Грыцанаў: “Досьвед Югаславіі пры Ціта сьведчыць пра тое, што такое балянсаваньне магчымае пры раўнавазе сілаў паміж буйнымі гульцамі. Цяпер гэтага няма. Барацьба паміж Захадам і Расеяй абвастраецца, але Расея хутка страціць свае пазыцыі на міжнароднай арэне. Таму такое балянсаваньне немагчымае з-за паразы аднаго з бакоў канфлікту”.

Усё залежыць ад нацыянальнай ідэнтычнасьці Беларусі

Булгакаў: “Гэтае балянсаваньне зьяўляецца вытворным ад стану нацыянальнай ідэнтычнасьці Беларусі. Не Лукашэнка вызначае масавыя настроі ў Беларусі. Хутчэй наадварот, ён улоўлівае настроі і вартасьці, якія пануюць у грамадзтве, і ўвасабляе ў вонкавай палітыцы. Беларусь уваходзіць у бізантыйскую цывілізацыйную прастору. Тут яшчэ некалькі гадоў таму вяліся размовы пра захаваньне поўнага сувэрэнітэту і аб’яднаньня з РФ.

Такое балянсаваньне можа працягвацца нават не дзесяцігодзьдзе, а стагодзьдзе.
Рэжым будзе балянсаваць паміж Усходам і Захадам датуль, дакуль беларускі народ ня вызначыцца з характарам сваёй нацыянальнай ці сьветапогляднай арыентацыі. Цяпер Беларусь разьдзеленая на ідэалягічныя лягеры, і ніводзін зь іх ня мае першынства. Таму Беларусь ня можа павярнуць на Захад, як балтыйскія краіны пасьля развалу СССР.

Досьвед Украіны паказвае, што нават пры большай ступені нацыянальнай сьвядомасьці, чым у Беларусі, такое балянсаваньне можа працягвацца нават не дзесяцігодзьдзе, а стагодзьдзе.

Асноўная небясьпека гэтага балянсаваньня палягае ў тым, што яно нішчыць нацыянальныя рэсурсы, якія не аднаўляюцца. Напрыклад, яно ставіць пад сумнеў будучыню беларускай мовы“.