У Магілёве крыўдзяць мэдыкаў і настаўнікаў

Падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці на магілёўскіх прадпрыемствах выклікала праблемы з напаўненьнем бюджэту.
За два мінулыя месяцы горад недаатрымаў блізу 600 мільёнаў рублёў. Магілёўскія ўлады прызнаюць, што ёсьць цяжкасьці з выплатай заробкаў работнікам сацыяльнай сфэры.

Прадпрыемствы Магілёва за два месяцы выканалі крыху болей за 86% прагназаванага аб’ёму вытворчасьці, а меліся — сто пятнаццаць. Паводле старшыні гарвыканкаму Віктара Шорыкава, кожны недаатрыманы працэнт азначае страты бюджэту ў 300 мільёнаў рублёў:

“Чаго ўтойваць: з-за таго, што сёньня ідзе падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці, у нас вялікія праблемы з напаўненьнем бюджэту. Мы сёньня гаворым пра выплату заробкаў у сацыяльнай сфэры, якую на чатырох- ці трохдзённы працоўны тыдзень не перавядзеш. Гэта адназначна. Я кажу пра ахову здароўя, адукацыю”, — прызнае кіраўнік гарадзкой выканаўчай улады.

Работнікаў мэдычных устаноў абласнога цэнтру ўжо папярэдзілі пра зьмяншэньне памераў заробкаў і прэміяльных выплат:

“Нас усіх сабралі й сказалі: “Заробкі будуць зьменшаныя ў любым выпадку. Прэміяў цяпер не чакайце”. Пачаўся ціск. Пачалі запісваць мала-мальскія парушэньні. І на грунце гэтага пачалі зьмяншаць прэміі. Заробкі настолькі малыя, што гэтая прэмія ў памеры ста тысяч, калі яна такой была, яна складала ледзьве не траціну, чвэрць ад заробку”, — паведаміў “Свабодзе” магілёўскі мэдык Раман.

Паводле суразмоўцы, за люты ён атрымаў прэмію ў памеры трыццаць тысяч рублёў.

У асяродзьдзі настаўнікаў кажуць, што і іх таксама чакае лёс мэдыкаў. Што да прэміяў пэдагогам, то яны ўжо паменелі. Акрамя таго, ім скасоўваюць даплаты за пазашкольную працу.

Ня лепш, чым у сацыяльнай сфэры, справы і ў прамысловасьці. Тут чатыры тысячы чалавек на дваццаці двух прадпрыемствах знаходзяцца ў вымушаных адпачынках альбо працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасьці. Як удалося высьветліць, фонд заробку за два месяцы зьменшыўся на тры мільярды рублёў.