Лукашэнка паехаў у Армэнію

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візытам у Армэнію. Пра гэта паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта.

Дамоўленасьць пра візыт была дасягнутая 9 сакавіка падчас тэлефоннай размовы А.Лукашэнкі з прэзыдэнтам Армэніі Сержам Саргсянам.

Праграмай візыту прадугледжваюцца сустрэчы зь кіраўніцтвам Армэніі і прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Паводле БелТА, на перамовах у цэнтры ўвагі будуць актуальныя пытаньні двухбаковых стасункаў, разьвіцьця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызісу.

Падчас візыту таксама будуць абмеркаваны пытаньні ўзаемадзеяньня ў міжнародных структурах з адзінай пазыцыі, паведамляе PanARMENIAN.Net са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта Армэніі.