Лябедзька і Казулін супраць візыту Лукашэнкі ў Прагу

Заля Эўрапарлямэнту ў Страсбуры

Такую пазыцыю беларускія апазыцыянэры выказалі ў часе сваіх перамоваў з дэпутатамі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, паведамляе прэсавая служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

На думку былога палітвязьня А.Казуліна, магчымае запрашэньне беларускага кіраўніка на травеньскі саміт кіраўнікоў краін Эўразьвязу і іх суседзяў у Прагу можа абазначаць, што “эўрапейскія каштоўнасьці будуць прынесеныя ў ахвяру эканамічнаму прагматызму, і калі гэта адбудзецца, то можа быць успрынята як заняпад многіх ідэалаў Эўразьвязу і ў цэлым Эўропы”.

Паводле лідэра АГП, запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу многімі ў Беларусі будзе разглядацца як “індульгенцыя за ўсё, што ім рабілася ў Беларусі апошнія 15 гадоў і карт-блянш на новыя дзеяньні, якія не адпавядаюць эўрапейскім каштоўнасьцям і стандартам”.

Беларускія палітыкі сустрэліся з “Балтыйскай групай” Эўрапарлямэнту і кіраўніком дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Яцэкам Пратасевічам.