Замест ліцейнага абсталяваньня — закатачныя машынкі

Ваўкавыскі ліцейны завод у сувязі з эканамічным крызісам страціў практычна ўсе экспартныя пастаўкі й спрабуе утрымацца выключна на ўнутраных заказах.
Сваю прадукцыю Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталяваньня экспартаваў пераважна ў Расею, а таксама ў Казахстан і часткова ў краіны Балтыі. Прычым пастаўкі ў Расею ішлі ў заўральскія рэгіёны.

Ваўкавыскія ліцейшчыкі пераважна пастаўлялі на экспарт абсталяваньне для ліцейнай вытворчасьці.

Кажа намесьнік дырэктара Ваўкавыскага ліцейнага заводу Алег Грыгаран: “Зьменшыліся адчувальна замовы. Будзем казаць так, што экспартныя наагул зьніклі, а па Беларусі скараціліся на 30-40%. У нас яшчэ засталося абсталяваньне недзе на 3-4 мільёны расейскіх рублёў, якое расейцы не забралі, бо дагэтуль цалкам ня могуць аплаціць усю замову”.

На пачатку году, са слоў намесьніка дырэктара, давялося нават зьмяніць графік працы — перайсьці на чатырохдзёнку. Але неўзабаве ўдалося знайсьці выйсьце, каб завод запрацаваў.

Грыгаран: “Крэдыты пачалі браць пад будаўнічае абсталяваньне, якое цяпер патрэбна на ўнутраным рынку. Праўда, у іх таксама ёсьць затрымкі з аплатай, але будзем спадзявацца, што гэта запрацуе. А яшчэ пад закатачныя машынкі. Вось зараз сэзон пачнецца, і ўжо на іх замова зьявілася”.

Спадар Грыгаран кажа, што крэдыты яны пакуль атрымліваюць ня ў поўным аб’ёме, але завод працуе поўны тыдзень. На думку намесьніка дырэктара, паўнавартасна прадпрыемства запрацуе, калі вернуцца экспартныя замовы. Праўда, калі тое будзе, ніхто ня ведае.