“Дэлегацыя ПАРЭ была ў шоку”

Андрэа Рыгоні, Сініка Хурскайнэн, Ёран Ліндблад

На заканчэньне візыту ў Менск дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і актывістамі прадпрымальніцкага руху.


Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка і Валер Мацкевіч, а таксама актывіст кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель апавялі прадстаўнікам ПАРЭ, як беларускія ўлады ставяцца да эўрапейскай сымболікі, якую адбіраюць у актывістаў.

“Шок выклікала інфармацыя, што пасьля канфіскацыі эўрапейскай сымболікі, сьцягоў Эўразьвязу, а гэта было ў кастрычніку мінулага году і на пачатку лютага гэтага году пасьля вобыску на кватэры Паўла Юхневіча, актывіста Эўрапейскай Беларусі, сьцягі Эўразьвязу, як нам патлумачылі, былі зьнішчаныя. Гэта ў іх проста выклікала шок. Яны сказалі: вельмі дзіўна, што, з аднаго боку, улады самі выстаўлялі сьцягі на сталах падчас перамоваў з дэлегацыяй ПАРЭ, а зь іншага боку, сьцягі Эўразьвязу зьнішчаюцца як антызаконная сымболіка. Былі вельмі зьдзіўленыя інфармацыяй пра тое, што за распаўсюд налепак з выявай сьцяга ЭЗ людзей затрымліваюць і штрафуюць”.

Моладзевыя актывісты распавялі таксама пра разгон акцый 14 і 16 лютага. Яўген Афнагель пералічыў патрабаваньні, пры выкананьні якіх можа адбывацца дыялёг паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам.

Яўген Афнагель
“Гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў, адмена рэпрэсіўных законаў, паводле якіх у любы момант могуць зьявіцца новыя палітвязьні, свабода мэдыяў, доступ апазыцыі да мэдыяў і спыненьне рэпрэсій”.

Маладафронтаўка Наста Палажанка зьвярнула ўвагу парлямэнтарыяў на сытуацыю вакол моладзевых арганізацый і на спробы рэгістрацыі Маладога фронту.

Наста Палажанка
“Я ня бачу, што цяпер Беларусь і Эўропа вядуць паўнавартасны дыялёг. Гэта больш падобна да маналёгу Эўропы, якая спрабуе дасягнуць нейкіх мэтаў у добрых дачыненьнях зь Беларусьсю. Каб сесьці за круглы стол зь перамовамі, трэба выставіць хаця б мінімальныя патрабаваньні, пасьля выкананьня якіх можна казаць пра нейкі дыялёг. Малады фронт назваў свае патрабаваньні — гэта рэгістрацыя Маладога фронту, прыбраць артыкул 193-прым з Крымінальнага кодэксу і, безумоўна, рэабілітацыя палітвязьняў. Яны сказалі, што сустрэча ім спадабалася, і папрасілі трымаць іх у курсе маладафронтаўскіх падзеяў”.

Дэлегацыя сустрэлася таксама з актывістамі прадпрымальніцкага руху Алесем Макаевым і Ігарам Леднікам. Тыя азнаёмілі гасьцей з сытуацыяй вакол малога бізнэсу ў Беларусі і нагадалі пра зьняволеных прадпрымальнікаў.

“Гэта Дваранінава і Бачурная. Мы пакінулі заяву па Аўтуховічу, Асіпенку і Лявонаву. Мы раілі Радзе Эўропы не забывацца пра гэтых людзей і каб яны маглі ў дыялёгу зь беларускімі ўладамі нагадваць пра іх”.

Па выніках візыту ў Менск дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні заявіў, што запрапануе аднавіць для беларускай дэлегацыі статус спэцыяльна запрошанай. Але пры ўмове, што будзе знойдзены мэханізм уключэньня ў дэлегацыю прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Паводле старшыні паліткамітэту асамблеі Ёрана Лінблада, гэтая прапанова спадара Рыгоні дазволіць пачаць “структураваны дыялёг, часткова ў адказ на некаторыя пазытыўныя зьмены ў краіне”.

Аднак аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага, калі ПАРЭ ў чэрвені прыме такое рашэньне, павінна мець часовы характар. Такое аднаўленьне будзе залежаць ад далейшага прагрэсу Беларусі на шляху да дэмакратызацыі.