Швэцыя дапамагла вызваліць Казуліна

Аляксандар Казулін

Пра гэта паведамляе ўплывовае швэдзкае выданьне Svenska Dagbladet. Газэта таксама піша пра тое, што Стакгольм зрабіў пэўны ўплыў на замежную палітыку ЗША ў дачыненьні да Беларусі.

Паводле выданьня, летась, калі дачыненьні паміж Вашынгтонам і Менскам абвастрыліся, а дыпляматычныя кантакты пачалі звужацца да мінімуму, дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс правяла кансультацыі з супрацоўнікам Дзярждэпартамэнту па эўрапейскіх справах Дэвідам Мэркелем. Той, у сваю чаргу, параіў у якасьці пасярэдніка швэдзкага парлямэнтара, сацыял-дэмакрата Ўрбана Аліна.

Спадар Алін наладзіў кантакты ў Беларусі. Сваю дзейнасьць ён вёў пры падтрымцы швэдзкага ўраду.

Мяркуецца, што на той час у Швэцыі хіба што толькі лідэр сацыял-дэмакратаў Мона Салін ведала пра пасярэдніцкую ролю Аліна — як пры вызваленьні Аляксандра Казуліна, так і ў справе зьмяншэньня напружанасьці паміж ЗША і Беларусьсю як галоўным саюзьнікам Расеі ў Эўропе.