Хведаруку патрэбна апэрацыя

Зьміцер Хведарук

Мэдыкі паведамілі актывісту “Маладога фронту” Зьмітру Хведаруку, што яму неабходна апэрацыя.

“Ці можна назваць нармальнай сытуацыяй, калі тэарэтычна здаровага чалавека праз тыдзень дасьледуюць у шпіталі і зьбіраюцца класьці на апэрацыю, - кажа маці Зьмітра, спадарыня Ірына. - Гэта яшчэ раз пацьвярджае незаконнасьць прызыву Зьмітра і тое, што аніякага дапрызыўнага мэдычнага абсьледаваньня яму не рабілі”.

Бацька Зьмітра Аляксандар Хведарук паведаміў “Свабодзе”, што сын не пасьпеў сказаць якую менавіта апэрацыю яму прапанавалі зрабіць.

Нагадаем: Зьмітра гвалтоўна затрымалі дома і адвезьлі ў ваенкамат. Там хлопец паведаміў, што вучыцца ў багаслоўскім каледжы і, што ў справе ёсьць на гэты конт даведка. Але яго не адпусьцілі, а адвезьлі ў міліцыю, а адтуль у турму. Хведаруку паведамілі, што ён мусіць адседзець 10 сутак арышту за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Праз двое сутак Зьмітра адвезьлі ў вайсковую частку ў Жодзіна.

7 лютага Зьміцер Хведарук прыняў прысягу. 9 і 10 студзеня хлопца вазілі на абсьледаваньне ў барысаўскі шпіталь, дзе па выніках аналізаў юнаку паведамілі пра тое, што яму, верагодна, будзе зроблена апэрацыя. Канчатковы вердыкт лекары вынясуць сёньня ўвечары. Пакуль невядома, якая канкрэтна апэрацыя чакае Зьмітра Хведарука – пра гэта лекары мусяць паведаміць таксама сёньня.