“Прессбол” зноў не пускаюць на Алімпіяду

30 студзеня камісія па СМІ Міністэрства спорту не задаволіла заяўкі самай масавай спартовай газэты краіны “Прессбол” на акрэдытацыю на зімовыя Алімпійскія гульні 2010 году ў канадзкім Ванкувэры.
Гэтае рашэньне яшчэ павінен зацьвердзіць выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Камісія прыняла рашэньне акрэдытаваць на Алімпіяду журналістаў “Советской Белоруссии”, “Рэспублікі”, “Спортивной панорамы” і БелТА. Прычым, два апошнія СМІ змогуць адправіць у Ванкувер і фотакарэспандэнтаў. Таксама будзе адмысловы зварот у Міжнародны алімпійскі камітэт з просьбай выдзеліць яшчэ адно месца для журналіста “Звязды”. Вынікі галасаваньня выглядалі наступным чынам: за “Спортивную панораму” – 7 галасоў, “Советская Белоруссия” і БЕЛТА – 6, "Рэспубліка" – 4, "Звязда" – 3 і “Прессбол” – 2 (Шпітальнікаў і Гэрстэн).

Цытата зь сёньняшняга нумару газэты: “У нашым НАК прэсай камандуе нехта палкоўнік Мірашнічэнка, які да прыходу на апошнюю пасаду працаваў намесьнікам начальніка апэраддзелу штабу Дэпартамэнту чыгуначных войскаў Мінабароны... Аляксей Аркадзевіч, калі мы пазванілі яму ўчора, блытаўся ў тым, хто галасаваў, а хто ня меў права, агаварыўся, назваўшы “Звязду” “Красной” і заявіў, што заяўкі ад “Прессбола” в НАК не паступала ўвогуле...”

Наклад газэты “Прессбол” – 25-30 тысяч, у беларускім інтэрнэце сайт газэты – адзін з самых папулярных. Дзяржаўная “Спортивная панорама" мае ў тры разы меншы наклад.