Беларусі зноў пашанцавала з экспартам у Расею?

Пачаўся двухдзённы візыт у Маскву кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Ён возьме дзел у паседжаньні Найвышэйшай рады “саюзнай дзяржавы”, а таксама ў самітах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Нагадаем, што паседжаньне дзяржаўнай рады не адбылося 3-га лістапада і было сарвана 1-га сьнежня мінулага году. Тады сытуацыю пракамэнтавалі ў мэдыях абедзьвюх краін ананімныя крыніцы ў кіраўніцтве, кожная зь якіх абвінаваціла другі бок у хлусьні і зрыве сустрэчы. Афіцыйны Менск прапанаваў пашырыць рутынны парадак дня праектамі рашэньняў у палітычнай, эканамічнай і вайсковай сфэрах. Але Крэмль пагадзіўся толькі на рутыну. Нарэшце, сёньня ў Маскве плянуецца абмеркаваць пытаньні пераадоленьня наступстваў усясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу на эканомікі Беларусі і Расеі. Канстытуцыйны акт і ўвядзеньне “адзінай валюты”, паводле кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, у парадку дня ня значацца:

“Я ведаю выразна, што парадак дня ўрэгуляваны. Ёсьць агульнае разуменьне, якім ён павінны быць. Пытаньні ўзаемнага гандлю, безумоўна, будуць абмяркоўвацца. Таксама сумесныя дзеяньні для супрацьдзеяньня фінансаваму крызісу, а таксама пытаньні, якія тычацца разьвіцьця стасункаў у фінансава-крэдытнай сфэры”.

Паводле палітоляга Кірыла Коктыша, паседжаньні адмяняліся з-за адсутнасьці парадку дня. А цяпер у Беларусі атрымліваюцца нават нейкія новыя козыры ў размовах з Масквой:

І беларуская прадукцыя апынулася зноў вельмі канкурэнтн-аздольнай
“Бо дагэтуль узаемазалежнасьць Беларусі і Расеі была асымэтрычнай: Расея залежала ад беларускіх нафта-газаправодаў, а Беларусь залежала ад расейскага рынку збыту. Расея пачала будаваць альтэрнатыўны нафтаправод. І, вядома, магла зачыніць свой унутраны рынак, бо ня вельмі была зацікаўленая ў беларускай прамысловай прадукцыі. Беларуская прадукцыя набывалася па палітычных матывах, але не з-за канкурэнтаздольнасьці. Цяпер крызіс зрабіў імпарт непрымальна дарагім і для Расеі, і для Беларусі, імпарт ужо падаражэў недзе на 40%. І будзе даражэць далей. І беларуская прадукцыя апынулася зноў вельмі канкурэнтаздольнай. І сёньня беларускі рэальны сэктар, які захаваў частку сваіх магутнасьцяў, можа якраз на гэтай крызе даволі добра і разьвіцца. І Расея была б зараз якраз у гэтым зацікаўлена, бо беларускі экспарт будзе намнога таньнейшы за той, што можна набываць за мяжой”.

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, на паседжаньні будзе разгледжаная таксама праграма ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі саюзных дзяржаў. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію тэлеканалу "Euronews", у якім казаў пра пацяпленьне стасункаў з Эўразьвязам. Паводле Кірыла Коктыша, падчас паседжаньня дзяржаўнай рады ня будзе вырашацца пытаньне прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі:

Расея даволі добра гэта разумее і таксама ня будзе “прасаваць” з нагоды прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі
“Беларусь пакуль не зацікаўленая псаваць свае стасункі з Эўропай. А такое прызнаньне, вядома, прыпыніць разьвіцьцё па эўрапейскім вэктары ў Беларусі. Таму, ясна, беларускі прэзыдэнт будзе чакаць. Расея даволі добра гэта разумее і таксама ня будзе “прасаваць” з нагоды прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, бо ёсьць іншыя больш істотныя пытаньні. І Расею якраз задаволіць, што гэтыя астатнія пытаньні будуць вырашаныя. Пры гэтым ня варта забывацца і на тое, што падчас газавага крызісу з Украінай Лукашэнка заняў вельмі празрыстую і ясную прарасейскую пазыцыю. Такая падтрымка многа чаго вартая. І сапраўды яна вартая нават і таго, каб пытаньне прызнаньня непрызнаных рэспублік было адкладзена на нейкі няпэўны час”.

30 студзеня ў Маскве кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі плян сумесных дзеяньняў для пераадоленьня наступстваў фінансавага крызісу. Паводле старшыні беларускага ўраду Сяргея Сідорскага, гэты плян “дазволіць захаваць рынкі абедзьвюх краін” і супакоіць “гаспадарнікаў ва ўмовах крызісу”. Аднак просьба беларускага боку аб крэдыце памерам 100 мільярдаў расейскіх рублёў пакуль засталася непачутай.