Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны акт у Менску падпісваць ня будуць


У Менску і Маскве зьняпраўдзілі інфармацыю пра тое, што бліжэйшым часам нібыта будзе падпісаны Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Спасылаючыся на крыніцы ў атачэньні прэзыдэнта Беларусі, такія зьвесткі распаўсюдзіла радыё “Эхо Москвы”.

Паводле радыёстанцыі “Эхо Москвы”, падчас візыту ў Менск Уладзімера Пуціна будзе падпісаны Канстытуцыйны акт, які абвесьціць стварэньне саюзнай дзяржавы. Уладзімер Пуцін стане прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пасьля таго, як пакіне сваю пасаду. А Аляксандар Лукашэнка ўзначаліць саюзны парлямэнт. Кіраўнік прэс-службы беларускага прэзыдэнта Павал Лёгкі, які знаходзіцца ў Каракасе, заявіў:

“Тое, што распаўсюдзіла “Эхо Москвы”, няхай застанецца на сумленьні “Эхо Москвы”. І паколькі гэтая інфармацыя зьявілася ў расейскіх мэдыях, то няхай гэта расейскі бок і камэнтуе.
Паколькі гэтая інфармацыя зьявілася ў расейскіх мэдыях, то няхай гэта расейскі бок і камэнтуе

Мы такой інфармацыі ня маем. Упершыню чуем, што будуць падпісвацца нейкія Канстытуцыйныя акты і разьмяркоўвацца паўнамоцтвы паміж Лукашэнкам і Пуціным. Пра гэта беларускі бок даведаўся ад “Эхо Москвы”.

Мы са зьдзіўленьнем успрынялі гэтую інфармацыю і выказваем крайнія сумневы наконт гэтага. А ўсе камэнтары я адрасую да расейскага боку”.

Прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў сказаў, камэнтуючы інфармацыю, якая зьявілася на “Эхо Москвы”:

“Магу толькі пацьвердзіць, што візыт Пуціна ў Беларусь плянуецца. Плянуецца абмеркаваць шырокае кола пытаньняў двухбаковых стасункаў. Але ў гэтай практыцы я ня бачу нічога надзвычайнага ці надта адметнага. Такія візыты практыкаваліся і раней. Мы працягнем разьвіцьцё нашых двухбаковых стасункаў з Расейскай Фэдэрацыяй.

Пытаньні парадку дня цяпер яшчэ ўдакладняюцца”.

У прэс-службе прэзыдэнта Расеі назвалі інфармацыю “Эхо Москвы” спэкулятыўнымі фантазіямі:

“Калі вы хочаце на чутках грунтавацца — зьвяртайцеся да тых людзей, якія без спасылак на нас даюць нейкую інфармацыю”.

Прэс-сакратар Паўла Барадзіна Іван Макушок сказаў, што ў Менску адбудзецца паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы:

“У парадку дня яго няма пытаньня пра Канстытуцыйны акт. Там ёсьць пытаньні, зьвязаныя з зацьвярджэньнем бюджэту. Таму тая інфармацыя, якая распаўсюджваецца быццам бы ў выглядзе нейкіх уцечак з адміністрацыі таго ці іншага прэзыдэнта, пакуль пад сабой глебы ня мае”.

Паводле беларускага палітоляга Віталя Сіліцкага, гэтая інфармацыя нагадвае правакацыю.
Гэта нейкае поўнае вар’яцтва


“Бо трэба ведаць Лукашэнку, каб нават падумаць, што ён пагодзіцца на пасаду старшыні нейкага парлямэнту — гэта нейкае поўнае вар’яцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG