Мін'юст правярае заяўнікаў “Нашай вясны”

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей мае прэтэнзіі да Міністэрства юстыцыі ў справе рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна”.

“Мін'юст дазваляе сабе недаравальныя памылкі, – заяўляе Ўладзімер Малей, – мне ліст быў накіраваны на несапраўдны адрас. Толькі дзякуючы, што супрацоўнікі паштовага аддзяленьня ведаюць мяне асабіста, карэспандэнцыя не згубілася. У іншым выпадку ў Міністэрства юстыцыі была б падстава спыніць ход рэгістрацыі.

Са словаў суразмоўцы, Мін'юст зьвяртаецца з патрабаваньнем пісьмова ўдакладніць асабовыя дадзеныя, нагадаць, дзе і калі адбываўся ўстаноўчы сход, спраўдзіць, ці лічыць яго ўдзельнік сябе адным з заснавальнікаў, ці ўчыніў асабісты подпіс ў рашэньні ўстаноўчага сходу і г.д. Адказ патрабуецца даслаць да 10 лютага.

18 студзеня 2009 году ў Менску каля 70 чалавек з усёй Беларусі правялі ўстаноўчы сход і падалі дакумэнты на рэгістрацыю “Нашай вясны”. Аснова арганізацыі – былы праваабарончы цэнтар “Вясна”, які ўлады ліквідавалі ў кастрычніку 2003 году.