Саньнікаў: “Каб Беларусь не засталася па-за межамі ўвагі ЗША”

Андрэй Саньнікаў

Што б вы хацелі, каб прэзыдэнт ЗША Абама зрабіў для Беларусі? На гэтае пытаньне адказвае міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў.

“Даволі нялёгкая спадчына ў Барака Абамы. Гэта зьвязаны ня толькі з папярэдняй адміністрацыяй ЗША, але і з тым, што адбываецца ў сьвеце – фінансавы крызіс, канфлікт на Блізкім Усходзе, Ірак, Аўганістан, гэтак далей.

Я хацеў бы найперш, каб Беларусь не заставалася па-за межамі ўвагі ЗША як найбуйнейшай дэмакратычнай краіны. Каб менавіта дэмакратыя, а не псэўда-дэмакратыя падтрымлівалася ў Беларусі. Трэба, каб адміністрацыя Абамы скарысталася тымі новымі магчымасьцямі, якія адчыняюцца ў Беларусі. Я лічу, што яны адчыняюцца – з-за таго, што сёньняшняя ўлада збанкрутавала, і трэба шукаць выйсьце і паразуменьне ўнутры краіны, а ў гэтым могуць дапамагчы ЗША.

Хочацца пажадаць, каб менавіта пытаньні дэмакратыі і незалежнасьці – дзьве рэчы, якія найбольш патрэбныя сёньня ў Беларусі – заставаліся ў цэнтры ўвагі ЗША”.