Шлях актывіста: акцыя — міліцыя — ваенкамат — суд

Актывіста Алеся Круткіна ўжо другі раз штрафуюць за тое, што ён нібыта ўхіляецца ад выклікаў у ваенкамат.

Чарговую позву ў гэтую ўстанову 19-гадоваму актывісту выдалі міліцыянты падчас затрыманьня 2 сьнежня. Сарваўшы акцыю ў падтрымку Аляксандра Баразенкі, міліцыянты забралі Алеся Круткіна ў пастарунак, дзе ён і атрымаў паперу з загадам зьявіцца ў Полацкі гарваенкамат 9 сьнежня.

Паводле спадара Круткіна, у ваенкамаце на той час ужо ведалі, што ён не падлягае вайсковаму прызыву, бо мае дужа слабы зрок. Таму 9 сьнежня хлопец палічыў больш мэтазгодным паехаць у Менск, дзе якраз меўся скончыцца судовы працэс над Баразенкам.

Усе пытаньні з ваенкаматам Алесь Круткін канчаткова ўзгадніў 17 сьнежня. Тым ня менш суд палічыў яго вінаватым ва ўхіленьні ад кантактаў з адказнымі вайсковымі прадстаўнікамі, і судзьдзя Натальля Абрамава пастанавіла аштрафаваць хлопца на 175 тысяч рублёў, або 5 базавых велічынь.

Нагадаем, што летась у жніўні Алесь Круткін ужо быў аштрафаваны на дзьве базавыя велічыні (70 тысяч рублёў) паводле падобнага абвінавачаньня. Тады ён не атрымаў позвы, пасланай ваенкаматам па пошце, і зьявіўся туды ўжо на паўторны выклік. Аднак суд вырашыў, што моладзевы актывіст сьвядома ўхіляўся ад вайсковага абавязку.