Банк купляе даляр за 2640 рублёў, прадае — за 2800

На чыгуначным вакзале ў Горадні ў трох абменьніках валюта ўжо каштуе па-новаму. Нацыянальны банк купляе даляр за 2640 рублёў, а прадае за 2800. Гэта самы высокі курс.

Спадар, які купляе валюту, кажа, што сын раніцай пабачыў навіну ў інтэрнэце. Пра сваё стаўленьне да яе кажа наступнае:

“Шок. Казалі адно да новага году, што нашай мадэлі гэта ня тычыцца. А што ў нас сёньня — другога студзеня? Другога. Вось табе й падарунак. Такога немагчыма было чакаць”.

Побач з вакзалам - купка прыватных таксістаў. Зьвяртаюся да іх з пытаньнем, як яны ўспрынялі навіну пра новы курс даляра.

“Гэта проста апускаюць народ, вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “А на вашы паслугі кошты павялічваюцца?”

“Пакуль не яшчэ, нам гэтага рабіць не дазваляюць”.

Пра дэвальвацыю рубля выказваецца прадпрымальнік з Горадні, былы палітвязень Валеры Леванеўскі:

“Гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае нас сёлета”

“Як і трэба было чакаць, дзяржава ў чарговы раз нас усіх падманула, — лічыць Валеры Леванеўскі. — Усе мы памятаем, што да Новага году выступаў прэзыдэнт, казаў, што ніякага абвалу ня будзе. Я думаю, што гэта ня першы абвал. Рэч у тым, што эканоміка Беларусі, на жаль, цярпіць хранічна, і гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае нас сёлета”.