Таварыства аховы помнікаў выставілі на вуліцу

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры

Пры канцы красавіка набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі пра радыкальную зьмену ўмоваў арэнднай платы для грамадзкіх арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю. Сутнасьць яго палягала ў тым, што цана арэдны памяшканьняў узрастала ўдзесяцёра.

Тады сама на патрабаваньне прадпрыемства “Мінская спадчына” быў апячатаны офіс Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры на вуліцы Старажоўскай, 5 у Траецкім прадмесьці сталіцы.

Некамэрцыйная арганізацыя не магла плаціць па новых рахунках, але спадзявалася адстаяць сваё права застацца ў памяшканьні. За савецкімі часамі будынак на 60% быў пабудаваны за кошт таварыства. І толькі ў 2004-м перайшоў да структурнага падразьдзяленьня Менгарвыканкаму — рамонтна-рэстаўрацыйнага прадпрыемства “Мінская спадчына”.

Але захады арганізацыі плёну не далі й каляднай парой таварыства мусіла пакінуць родныя сьцены.

Паводле старшыні арганізацыі, гісторыка Антона Астаповіча, таварыства мае іншы юрыдычны адрас, таму ліквідацыя яму не пагражае.