Індывідуальныя прадпрымальнікі і ўлады: на чыю карысьць кампраміс?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 26-га сьнежня
Новы прэзыдэнцкі ўказ № 703 мяняе правілы дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Ці можна разглядаць яго як саступку патрабаваньням прадпрымальніцкага руху? Ці задаволіць прадпрымальнікаў новы ўказ? Ці вытрымаюць яны падвышэньне падатку?

Удзельнікі: старшыня аргкамітэту па стварэньні Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Сяргей Балыкін і менскі каардынатар зарэгістраванай ва Ўкраіне арганізацыі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандар Таўстыка.


Указ № 703 — гэта саступка прадпрымальнікам?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Мінулым годам, калі індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) пратэставалі супраць абмежаваньняў у выкарыстаньні наёмных работнікаў, нават зладзілі дзьве гучныя акцыі, перакрывалі цэнтральны праспэкт у Менску, улады не пайшлі на саступкі.

Цяпер, напярэдадні Новага году, пачынаючы зь якога ўмовы працы ІП павінны былі значна пагоршыцца, маштаб пратэсту быў непараўнальна меншы. Быў адзін страйк і адно шэсьце. Тым ня менш улады пайшлі на саступкі ІП. Іх вызвалілі ад патрабаваньняў плаціць падатак паводле дакумэнтаў на ўвезены тавар. Як вы гэта расцэньваеце?

Сяргей Балыкін: “Указ № 703 нельга лічыць перамогай ІП і саступкай уладаў. Гэта эканамічная і палітычная перамога Лукашэнкі. Адмена новых правілаў увозу тавараў з Расеі, якія павінны былі ўступіць у сілу з новага году, саб’е пратэстную хвалю. Аднак у гэтым указе ёсьць шмат рэчаў, небясьпечных для ІП”.

Аляксандар Таўстыка: “Улады на саступкі ІП не пайшлі. Проста гэтым указам улады бяруць сытуацыю пад свой кантроль. Указ пагоршыў умовы працы ІП. Таму акцыі пратэсту ІП ня спыняцца”.


Зьмест указу № 703

Карбалевіч: “Указ № 703 карэктуе ўмовы працы ІП. У чым сутнасьць зьменаў працы ІП? Пракамэнтуйце зьмест указу”.

Сяргей Балыкін
Балыкін: “У гэтым дакумэнце ёсьць і добрыя для ІП зьмены, а ёсьць і кепскія. Прычым кепскіх больш. Добра тое, што падоўжыўся тэрмін ільготнага рэжыму ўвозу тавараў з Расеі. Таксама станоўча тое, што цяпер некаторыя паслугі можна аказваць увогуле без рэгістрацыі ў якасьці ІП.

Цяпер пра кепскія. Калі выручка ІП перавышае стаўку адзінага падатку больш як у 20 разоў, то патрэбна будзе плаціць яшчэ дадатковы падатак у памеры 10% ад сумы гэтага перавышэньня.

Пры гэтым уводзяцца вельмі жорсткія санкцыі за парушэньне правілаў сплаты падаткаў. ІП цяпер можна будзе пазбавіць статуса ІП і адпаведнага пасьведчаньня на ўсё жыцьцё бяз права новай рэгістрацыі. І ўсё гэта ў пазасудовым рэжыме.

Трэба разумець, што цяпер улады будуць уважліва сачыць за касавай дысцыплінай, узмоцняцца праверкі. Цяпер на праверкі накладзены мараторый на паўгода. А пасьля яго праверкі будуць больш жорсткімі.

Таксама падвышаны стаўкі адзінага падатку. Для ІП, якія працуюць у вялікіх гарадах, гэта ня так балюча. А вось у малых паселішчах па некаторых відах дзейнасьці падвышэньне падатку адбудзецца ўдвая“.


Умовы працы пагоршацца

Аляксандар Таўстыка
Таўстыка: “Прадпрымальніцкія арганізацыі прасілі, каб замест асобных заканадаўчых актаў быў прыняты закон аб разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу. Але гэтага не адбываецца. Улады кажуць пра лібэралізацыю, а насамрэч робяць крокі, якія пагаршаюць умовы працы прадпрымальнікаў у Беларусі. З наступнага году ўмовы працы ІП пагоршацца ўдвая ў параўнаньні з тымі ўмовамі, якія ёсьць сёньня.

Што тычыцца мараторыю на праверкі, то пакуль яны як праводзіліся, так і праводзяцца. А працяг льготнага рэжыму ўвозу тавараў з Расеі азначае, што дзяржаўныя органы, у прыватнасьці мытня, не гатовыя працаваць у іншым рэжыме.

Падаткі вырастуць, а заробкі ІП, хутчэй за ўсё, упадуць. Бо ў краіне крызіс, хутка пачнуцца звальненьні на прадпрыемствах. У людзей будзе менш грошай, каб купляць тавар на рынках. Сытуацыя будзе вымушаць ІП працаваць па “шэрых схемах”.


Сытуацыя з найманымі работнікамі

Карбалевіч: “Наконт найманых работнікаў указ не прадугледжвае ніякіх зьменаў. Наколькі гэтае пытаньне цяпер актуальнае для ІП? Можа, за год ужо ўсе прыстасаваліся да новай сытуацыі?”

Балыкін: “ІП калі і адаптаваліся, то паводле „шэрых схемаў“. Альбо наёмныя работнікі працуюць безь ніякага афармленьня, альбо афармляюцца як ІП. Але любыя „шэрыя схемы“ заўсёды кепскія. Таму трэба было б адмяніць забарону на тое, каб мець больш як чатырох наёмных работнікаў, прычым толькі зь ліку родзічаў”.

Таўстыка: “Пытаньне вельмі актуальнае. Асабліва цяпер, калі пачынаюцца звальненьні людзей з прадпрыемстваў і ўстановаў, трэба было б даць магчымасьць ІП свабодна наймаць работнікаў. Гэта ж сацыяльная праблема”.