“Заявам Лукашэнкі няма веры”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 сьнежня, пятніцу.
Слухачы абмяркоўваюць выступ Аляксандра Лукашэнкі перад рэдактарамі дзяржаўных мэдыяў, рэгістрацыю руху “За свабоду”, падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі, а таксама іншыя тэмы.

Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію кіраўнікам беларускіх дзяржаўных СМІ. Ён заявіў пра лібэралізацыю беларускай эканомікі і жыцьцядзейнасьці ўсяго грамадзтва. Камэнтары слухачоў:

Мікола: “Скончыўся чарговы ідэалягічны спэктакль па апрацоўцы народу ў выглядзе адказаў нашага вярхоўнага на пытаньні, загадзя падрыхтаваныя рэдактарамі дзяржаўных газэт і галоўнымі ідэолягамі краіны ў колькасьці аж пяці чалавек. Каб народ зноў паверыў у тую хлусьню, якая нясецца вось ужо 13 гадоў, зь якой ён стаў паступова не згаджацца, бо жыцьцё народу з кожным годам становіцца ўсё горшым і горшым. З вуснаў галоўнага гучаў заклік: не ўпадаць у паніку і цярпець, як цярпелі 75 гадоў за савецкім часам. Як можна верыць пасьля гэтага ўладзе? Гэтае абразы нашчадкі нам не даруюць, а ўладзе тым больш”.

Мікалай: “У сувязі з выказваньнем Лукашэнкі пра лібэралізацыю ўсяго грамадзтва хачу адзначыць, што Беларусь не праводзіць самастойнай незалежнай нацыянальнай палітыкі. Бо нават напярэдадні Калядаў і Новага году на пошце няма паштовак на нашай роднай беларускай мове. Беларусь нагадвае калёнію Расеі з адпаведнай рускамоўнай каляніяльнай адміністрацыяй. І таму заявам Лукашэнкі няма веры”.

Спадар, інвалід з Барысава: “Прэзыдэнт па тэлебачаньні адказаў на пытаньне спадара Зімоўскага і іншых асоб пра правы, пра справы, пра адно вакно, і пытаньне — дзе яно? Казаў, беларусам многа грошай нельга даваць, бо яны будуць тады рубель на валюту мяняць. Пытаньне яму, прэзыдэнту майму: а як пры крызісе гэтым інваліды-беларусы, нямоглыя ды хворыя, будуць без ільготаў жыць? Пакуль пра гэта ад майго прэзыдэнта і па БТ не гучыць”.

Пётар Сьцяпанавіч: “Лукашэнка абураўся і казаў, што Беразіно — гэта самы адсталы раён Беларусі, вакол нядбайства. Дык я тры гады таму пісаў ліст у адміністрацыю прэзыдэнта — ніхто і пальцам не паварушыў. Я пісаў, што ў Беразіно жахлівае беспрацоўе, п’янства. Паўсюль развалены калгасы, у якіх і тэхнікі няма, каб прывесьці палі ў парадак. Усе цёплыя месцы занятыя не па прафэсійных якасьцях, а па блаце”.

Тацьцяна, Жодзіна: “Я зьвяртаюся ў гарвыканкам гораду Жодзіна па рамонце кватэры. Я інвалід ІІ групы. Я адчуваю безуладзьдзе ў Жодзіна. Пабочныя людзі працуюць: зампаліт займае пасаду ў ЖКХ, накіроўвае мяне да прэзыдэнта. Дык вось, паважаны, вас часта „бацькам“ называюць, дык я зьвяртаюся да вас. Бацька, пачуй сваіх дзяцей, пачуй нас, інвалідаў! І зрабі парадак у Жодзіна”.

Міністэрства юстыцыі зарэгістравала рух “За Свабоду”, які ўзначальвае вядомы палітык Аляксандар Мілінкевіч. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Я думаю, што рэгістрацыя „Свабоды“ дазволіць і замежным гасьцям бяз страху супрацоўнічаць з апазыцыяй”.

Ад 1 студзеня ўрад Беларусі плянуе падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі. Выказваньне на гэтую тэму:

Ларыса Шукайла, Магілёў: “Дзейнасьць парлямэнту не прымусіла сябе доўга чакаць. Чарговае антынароднае рашэньне ўраду нікога не пакінула абыякавым. Павышэньне платы за жыльлёва-камунальныя паслугі можа выкінуць на вуліцу чарговую партыю беднякоў і жабракоў. Поўнае адкрытае рабаўніцтва беларускага народу праводзіцца дзеля таго, каб насыціць запыты чарговага парлямэнту. Гэтыя крывасмокі на целе прыніжаных і зьняважаных працягваюць лінію папярэдніх ворагаў народу, якія прынялі рашэньне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У гэтым яны бачаць сваё прызваньне і сваю місію”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.