Абхазію і Паўднёвую Асэтыю не прызнаюць да вясны

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня скончылі сваю першую сэсію.
Згодна з заканадаўствам, цяпер яны зьбяруцца на свае пленарныя паседжаньні толькі 2 красавіка 2009 году. А гэта азначае, што пытаньне аб прызнаньні сувэрэнітэту і незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі яны змогуць разгледзець толькі на веснавой сэсіі.

Праўда, заканадаўства прадугледжвае і магчымасьць праводзіць пазачарговыя сэсіі. Як ужо перадавала “Свабода”, Аляксандар Лукашэнка напярэдадні сёлетніх парлямэнцкіх выбараў казаў, што пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі змогуць разгледзець новыя дэпутаты.