Урад шукае, на чым зэканоміць

Віктар Бура

Урад пачаў “інвэнтарызацыю” ўсіх дзяржаўных праграм. Усё, без чаго можна цяпер абысьціся, адкладаецца да лепшых часоў, паведаміў сёньня віцэ-прэм’ер ураду Віктар Бура, выступаючы на сумесным паседжаньні дэпутатаў дзьвюх палат Нацыянальнага Сходу.

Віцэ-прэм’ер заявіў:

“Цяпер пачалася дэталёвая „інвэнтарызацыя“ ўсіх дзяржаўных праграм на прадмет аптымізацыі іх фінансаваньня. Тут падыход будзе выключна выбарны: усё, што тычыцца рэальнай вытворчасьці, інавацыяў, разьвіцьця, — захоўваецца. Усё другараднае, без чаго пакуль можна абысьціся, — скарачаецца альбо адкладаецца да лепшых часоў”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа, што ва ўсясьветнай практыцы падобныя захады ўжо рабіліся:

Леанід Заіка
“Ужываецца тая палітыка, якой карыстаўся нямецкі ўрад у пэрыяд з 1941 па 1944 год, а дакладней, нават з 1942-га. То бок пазбавіцца ад усіх тых праектаў для фінансаваньня, якія не дадуць цягам паўгода відочнага выніку”.

Цікаўлюся ў аналітыка, ад якіх канкрэтна праграм можа адступіцца цяпер урад Беларусі?

Спадар Заіка разважае:

“Будаўніцтва „Дыснэйлэнду“. Затым — будаўніцтва атамнай станцыі. І хаця там машына набрала ўжо абароты, бо вельмі высокі лабізм, але можна падумаць, каб перанесьці тэрмін будаўніцтва. Потым шмат якія праграмы, зьвязаныя з разьвіцьцём энэргетыкі, могуць адысьці ўбок. Патаньнела нафта, патаньнеюць іншыя віды паліва. І тады неабходнасьць стварэньня тэхналёгій, якія зьберагаюць энэргію, выглядае ўжо даволі дзіўнай”.

Урад адной рукой скарачае фінансаваньне дзяржпраграм, а другой — павялічвае фінансавую нагрузку на насельніцтва. Так, у новым годзе ўзровень аплаты насельніцтвам жыльлёва-камунальных паслугаў складзе 32 працэнты іх акупнасьці. А калі ў віцэ-прэм’ера спыталіся, ці будзе павелічэньне паслугаў ЖКХ на 10 даляраў ад 1 студзеня першым і апошнім у 2009 годзе, Віктар Бура сказаў так:

“Не адкажу. Перамоўны працэс яшчэ ня скончыўся. Мы дагэтуль ня ведаем, наколькі тыя плянавыя парамэтры, што закладзеныя ў бюджэце, будуць адпавядаць коштам газу. І наколькі гэта паўплывае на ўсе эканамічныя працэсы ў дзяржаве”.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук з гэтай нагоды адзначае:

“Вельмі вялікая верагоднасьць, што гэта не апошняе падвышэньне. Таму што ў дзяржавы ня будзе хапаць грошай для датацыі”.

Аналітык кажа таксама, што ўрад тут пераводзіць адказнасьць на Маскву, а сам нічога ня робіць, каб у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы была канкурэнцыя і празрыстасьць.