Падатковая інспэкцыя правярае Анатоля Лябедзьку

Агляд сёньняшніх незалежных беларускіх газэт.
Паводле тыднёвіка “Новы час”, падатковая інспэкцыя зацікавілася фінансавымі справамі лідэра АГП. Правяраюць дэклярацыі палітыка ажно за мінулыя 18-гадоў. Ужо зьявіліся вынікі: “ За 2001 год ў Анатоля Лябедзькі выяўлена перавышэньне выдаткаў над пазначанымі ім у дэклярацыі прыбыткамі ў памеры 741 352 рублёў (прыкладна 340 даляраў)”, – паведамляе выданьне. Чыноўнікі далі палітыку месяц на тое, каб патлумачыў, адкуль зьявіліся гэтыя грошы. Газэта зьмяшчае камэнтары Анатоля Лябедзькі адносна прэтэнзіяў да яго з боку падатковых органаў.

“Вольнае Глыбокае” частку нумару прысьвяціла тэме правоў чалавека. Кіраўніца мясцовай філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Ганна Мартыноўская трымае перад жыхарамі справаздачу пра тое, як бароняцца правы чалавека ў раёне. Распавядае рэдактара выданьня Уладзімер Скрабатун.

“Яна вядзе маніторынг фактаў парушэньняў правоў чалавека, ёсьць грамадзкая прыёмная, куды могуць зьвярнуцца людзі. У прыватнасьці, вельмі часта па дапамогу зьвяртаюцца жанчыны. І даецца справаздача аб тым, як працавалі”.

Гістарычны куток газэта гэтым разам аддае ініцыятыве краязнаўцы Эдварда Гірына, які дамагаецца заснаваньня ў мястэчку Лужкі музэя пад адкрытым небам.

“Гэта ўнікальнае мястэчка. Быццам час спыніўся на мяжы пачатку 20-га стагодзьдзя, засталося шмат некранутых кварталаў з цагляных дамкоў. Прыгожы касьцёл у стылі віленскага барока, царква, а таксама палац графаў Плятараў зь вялікім паркам”.

Слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” надае шмат ўвагі навінам аб добраўпарадкаваньні гораду. Хутка на вуліцах зьявяцца яшчэ 14 гэтак званых “сьпячых паліцэйскіх” – адмысловых тармазных перашкодаў на асфальтавым пакрыцьці. Дасьледаваньні паказалі, што “сьпячыя паліцэйскія” зьнізіла ўзровень небясьпекі для мінакоў, таму гарадзкія ўлады шырока выкарыстоўваюць гэты мэтад.

“Інфа-кур’ер” распаўсюджваецца таксама і ў Салігорску. Газэта паведамляе пра адкрыцьцё ў гэтым горадзе сучаснага супэрмаркету. Журналіст Алесь Дастанка кажа яшчэ пра адзін сюрпрыз для пакупцоў.

“Ідуць пераднавагоднія кірмашы і распродажы. Мы паведамляем, у якіх крамах і на што будуць зьніжкі. Звычайна якія ў нас зьніжкі? Максымум 5%, не параўнаеш з тым, што адбываецца ў крамах Эўропы. Але ёсьць ужо і ў нас, што зьніжкі на некаторыя тавары даходзяць да 30%”.