Севярынец знайшоў 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі

У кнігарні “Нашай Нівы” выйшла другое, пашыранае і дапоўненае выданьне кнігі Паўла Севярынца “Люблю Беларусь. 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі”.
Праца над ёй пачалася ў 2002 годзе, у 2004-м кніга была выдадзеная даволі сьціпла, накладам 1 тысячу асобнікаў і хутка разышлася. І вось цяпер выдадзены салідны прэзэнтацыйны том, больш за 600 старонак, у цьвёрдай вокладцы, з фотаздымкамі. А наагул гэта ўжо шостая па ліку кніга палітыка і хрысьціянскага дэмакрата Паўла Севярынца.

Павал Севярынец і ў школе, і ва ўнівэрсытэце быў выдатнікам. І яму заўсёды не хапала інфармацыі:

“Для мяне, яшчэ школьніка, не было такой кнігі, у якой можна было б убачыць усё тое, чым Беларусь мае ганарыцца. Калі Беларусь узьнікла як незалежная дзяржава, было вельмі мала падобнага кшталту выданьняў. Пазьней зьявіліся спэцыяльна гістарычныя, асобна пра асобаў, культуралягічныя кніжкі. Але пад адной вокладкай – гэткага не было”.

Аўтар абраў 200 найбольш вядомых зьяваў беларускасьці ў самых розных сфэрах – ад гісторыі, геаграфіі да гаспадаркі і спорту, не абмінуў выбітных асобаў, спорт, культуру, духовасьць. І вынайшаў тое, што аб’ядноўвае гэта ўсё:

“Гэтая кніга мае быць аб’яднаная наборам фэномэнаў, але і ідэяй. І працуючы над гэтай кнігай, я зразумеў, што беларуская нацыянальная ідэя – сутнасна хрысьціянская. Да кожнай зьявы беларускасьці можна знайсьці крышталь нацыянальнай ідэі, хрысьціянскі зьмест”.

Адчуваецца, што праца вельмі грунтоўная: бібліяграфія – некалькі соцень кніг, на кожнае эсэ падабраны калярытны фотаздымак, выдатная паліграфія, сучасны дызайн, арыгінальная вёрстка. Твор Паўла Севярынца высока ацанілі і аўтарытэтныя асобы. Уладзімер Арлоў выказаўся так: “Пасьля “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра Беларусь, якая была б напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай”. Паэт Генадзь Бураўкін даў такую адзнаку: “Гэтая арыгінальная аўтарская энцыкляпэдыя глыбока ўразіла мяне тым, як горача любіць яе стваральнік нашу мілую Бацькаўшчыну і як шмат ужо ведае пра яе”.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч выказаў такое меркаваньне:

У кнізе нічога няма пра кіраўніка дзеючай улады
“Я думаю, што для моладзі ў некаторай ступені гэта будзе нагадваць энцыкляпэдычнае выданьне па розных пытаньнях. Для сталага чытача таксама шмат новага і шмат цікавага ў гэтай кнізе. Мне вельмі падабаецца, што аўтар адносіцца да нашых апосталаў незалежнасьці зь вялікай павагай У кнізе нічога няма пра кіраўніка дзеючай улады. Гэта таксама вельмі добра, бо ён яго як бы і не заўважае. Той чалавек фактычна ў гісторыю Беларусі не трапляе”.

Набыць кнігу Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”. 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі” можна ва Ўправе БНФ (праспэкт Машэрава, 8), у незалежных распаўсюднікаў.