Парада духоўніка: сустрэнем крызіс ударным сэксам!

“International Herald Tribune” апублікавала артыкул “Пастар з амбону кідае заклік: больш сэксу!”
У Міжнародны дзень прадухіленьня хатняга гвалту супраць жанчын, газэта “International Herald Tribune” апублікавала артыкул “Пастар з амбону кідае заклік: больш сэксу!” Аўтарка артыкулу — Грэтэл Ковач.

Грэйпвайн, Тэксас. І на сёмы дзень не было адпачынку сужэнскім парам. Тыдзень пасьля таго, як Вялебны Эд Янг заклікаў мужаў і жонак у сваёй дваццацітысячнай пастве узмоцніць узаемную сувязь пры дапамозе Сямі дзён сэксу, ягоная парада гучала — працягвайце.

Аўтар кніжак, вядучы тэлевізійнай праграмы і духоўны лідэр эвангелісцкай Царквы Брацтва (Fellowship Church), паходжваючы перад вялізным ложкам, 16 лістапада заклікаў шлюбныя пары, каб тыя прыступілі да тыдня “саборнага спароўваньня” (congregational copulation). Час ад часу ён прысядаў на пакрывале ў пэрсыдзкія расьлінныя ўзоры, гартаючы Біблію, каб падкрэсьліць свой галоўны тэзіс, што наступіў час для вернікаў вярнуць Бога ў ложак.

Як перайсьці ад хныканьня над эканомікай да цырыканьня

“Сёньня пачынаем наш экспэрымэнт, сем дзён сэксу”, — сказаў ён з характэрнай яму мяшанкай гумару, эстраднага ўмельства і Сьвятога Пісаньня. “Як перайсьці ад хныканьня над эканомікай да цырыканьня!”

У нядзелю парафіяне ў Грэйпвайне паглядзелі запіс казаньня Янга і ягонай жонкі, Лайсы, на велізарных экранах над асьветленай сьвечкамі сцэнай. “Я ведаю, што на гэтым тыдні нашы пары шмат мілаваліся”, — сказаў адзін з касьцельных музыкаў, брынкаючы на гітары перад трохтысячнай аўдыторыяй.

Лайса Янг, у чорных ботах з халявамі па калені і ў джынсах, сказала, што пасьля тыдня штодзённага або амаль штодзённага сэксу “некаторыя з нас усьміхаюцца”. Іншыя, якія змагаюцца зь сямейнымі здрадамі, зь цягай да парнаграфіі ды іншымі шкоднымі звычкамі, дадала яна, “напэўна адчувалі боль, але я спадзяюся, што і ахвоту прабачыць”.

Мы павінны паспрабаваць падвоіць аб’ём інтымнасьці ў нашым сямейным жыцьці
Янг параіў сямейным парам “працягваць тое, што вы рабілі ўвесь гэты тыдзень”. Ён дадаў: “Мы павінны паспрабаваць падвоіць аб’ём інтымнасьці ў нашым сямейным жыцьці. Калі я кажу інтымнасьць, я ня маю на ўвазе, каб адно аднаго трымалі за руку ў парку або адно аднаму чухалі сьпіну”.

Янг, вядомы сваім парафіянам як Эд, жанаты з Лайсай ужо 26 гадоў. Абаім па 47 гадоў. У іх чацьвёра дзяцей, двое зь якіх блізьняты. Яны з уласнага досьведу ведаюць некаторыя бар’еры ў інтымным жыцьці шлюбнай пары — прафэсійная кар’ера, стомленасьць, абавязкі перад грамадзтвам і дзеці. Слова “дзеці” (kids), сказаў пастар вернікам свайго касьцёлу, гэта акронім ад “Keeping Intimacy at a Distance Successfully” (пасьпяховае сродак дзеля пазьбяганьня інтымнасьці).

Але калі вы знойдзеце час займацца сэксам, гэта наблізіць вас да вашага сямейнага партнэра і да Бога, сказаў ён. Вы будзеце больш эфэктыўна працаваць, вы пакінеце вашым дзецям спадчыну каханьня дзеля насьледаваньня, вы можаце нават прадухіліць пазашлюбную сувязь.

“Калі вы прысягалі кахаць, дык кахайце”, — сказаў ён. А нежанатым і незамужнім параіў: “Ня ведаю, мабыць, паспрабуеце шакаляднага торту”.

Сямейнае жыцьцё бяз сэксу?!

Сямейнае жыцьцё бяз сэксу стала апошнім часам тэмай прынамсі дзьвюх кніжак, “365 Nights” і “Just Do It”. Але заклік Янга з казальніцы даліў алею ў агонь дыскусіі.

Паводле Янга, гэта не павінна было здарыцца. Гэта не рэклямны трук, сказаў Янг. Паглядзіце толькі на палавыя матывы ў Песьні Салямонавай або ў кнізе Быцьцё: “І будуць двое адною плоцьцю”. Або ў Карынцянаў: “Ня ўліхяйцеся адно ад аднаго”.

“Зь нейкай прычыны Царква пра гэта не гаворыць, але нам трэба”, — сказаў ён па тэлефоне ў пятніцу па дарозе ў Паўднёвую Афрыку зь місіянэрскім заданьнем. Нельга саромецца сэксу паміж мужам і жонкай, сказаў ён і дадаў: “Гэта ж Бог прыдумаў; гэта Яго ідэя”.

Тыя, што ходзяць у сьвятыню Царквы Брацтва ў Грэйпвайне або ў адну з пародненых сьвятыняў у рэгіёне Далас ці ў Маямі, прызвычаіліся да правакацыйнага стылю Янга. (Адзінае сапраўднае слова на “п” у сямейнай спальні, кажа Янг, гэта “прабачэньне”.) Але сэксуальны выклік, прыгадвае ён, гэта было ўжо крыху занадта для некаторых вернікаў зь яго Касьцёлу, якія сядзелі са скрыжаванымі рукамі ў зьбянтэжаным маўчаньні, у той час як шматлікія іншыя з аўдыторыі сустракалі яго прапанову бурнымі воплескамі.

Янг прызнаўся, што прысьвяціць належную ўвагу сваёй жонцы — гэта не заўсёды лёгкая справа. Ён сказаў, што пасьля трох дзён сэксуальнай натугі, калі ён прачнуўся на досьвітку ў мінулы аўторак, каб пагаварыць з жонкай аб важнасьці частага сэксу ў сямейным жыцьці, ён адчуў сябе настолькі стомленым, што пайшоў спаць каля восьмай увечары.

Уставай, гэта я, твой сэксуальны выклік
Яго жонка спрабавала яго абудзіць, тузаючы яго і прыгаворваючы: “Уставай, гэта я, твой сэксуальны выклік!” Але Янг толькі здолеў прамармытаць: “Давай выканаем падвойную норму заўтра”. І зноў заснуў.

Адзін парафіянін, 25-гадовы Роб Гаслі, падсумаваў рэакцыю шматлікіх мужаў у царкве, калі яны пачулі пра тыдзень сэксу, словам “Yeah!”

Тыдзень пасьля гэтага, ён і яго жонка (яны чакаюць дзіця і ўжо маюць двое старэйшых) слухалі казаньне, увесь час трымаючыся за рукі.

Іншыя прызналіся, што займацца сэксам, калі табе ня хочацца, гэта ўсё роўна, што ўсьміхацца, калі ты ня надта шчасьлівы — ні адно, ні другое не паляпшае настрою.

Восем месяцаў пасьля шлюбу, Эймі і Коды Ўодэл ня надта каб хіліліся да каханьня пасьля таго, як Коды прызнаўся, што ў яго была пазашлюбная сувязь. “Збліжэньне было для нас вялікім высілкам, да якога мы сябе прымушалі,” — сказала Эймі Ўодэл. “Гэты тыдзень сапраўды паяднаў нас нанава, фізычна і пачуцьцёва”.