“Магілёўская ратуша. Лёс і адраджэньне”

У нядзелю ў Магілёве гісторыкі Алег Трусаў і Аляксандар Агееў прэзэнтавалі сваю кнігу “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэньне”. У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел рэцэнзэнты кнігі, гісторыкі Ігар Марзалюк і Ігар Пушкін. Урачыстасьць адбылася ў адбудаванай будынку ратушы. У кнізе ў навукова-папулярнай форме падаецца гісторыя ратушы – яе ўзьвядзеньне, функцыянаваньне, разбурэньне ды адбудова. Паслухаць пра кнігу й сымбаль мясцовага самакіраваньня прыйшло больш за сотню чалавек.

Задумаў напісаць кнігу магілёўскі гісторык Аляксандар Агееў. Гэтая ідэя, паводле гісторыка, узьнікла ў яго пасьля двух месяцаў працы ў архівах, дзе ён шукаў зьвесткі пра гарадзкі сымбаль самакіраваньня. Задуму агучыў у гарвыканкаме, які яе падтрымаў. Суаўтарам пагадзіўся стаць Алег Трусаў. Ён адным зь першых вёў раскопкі, на месцы зьнішчанай улетку 1957 году ратушы.




Кніга “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэньне”, казаў на прэзэнтацыі Аляксандар Агееў, падарунак гісторыкаў гораду да дня адбудовы яго ратушы.

Аляксандар Агееў
Ратуша адбудаваная, кніга напісаная. Што далей? Далей, зазначае спадар Агееў, трэба працягваць працу па адбудове іншых зьнішчаных помнікаў магілёўскага дойліцтва:

“Але гэта як і з ратушай. Калі быў грамадзкі ціск, калі гэта стала ня тое, што праблемай, а жаданьнем магілёўцаў, дык яе адбудавалі. Дарэчы цяпер шмат з моладзі пытае: “За што цяпер зьбіраць подпісы”. Відаць ёй спадабалася тое рабіць. Можа нам гісторыкам варта сапраўды зрабіць некалькі рэпартажаў і паказаць, дзе яшчэ ёсьць пустыя пляцоўкі, дзе некалі стаялі гістарычныя будынкі, якія можна яшчэ адбудаваць”.

Два гады таму актывісты грамадзкіх арганізацыяў сабралі тысячу подпісаў за адбудову ратушы й перадалі іх старшыні гарвыканкаму Віктару Шорыкаву.

Колькі трэба напісаць кнігаў пра ратушы, каб мясцовыя улады узяліся за іх адбудову?



Ігар Пушкін, Ігар Марзалюк і Алег Трусаў


Алег Трусаў зазначае, што гэты працэс ужо пачаўся. Адбудаваныя ратушы ў Нясьвіжы, Менску, Шклове й Магілёве:

Алег Трусаў (зьлева)
“Ну а цяпер на чарзе стаіць гарадзенская ратуша. Гарадзкія ўлады схільныя да таго, каб яе адбудаваць, бо падмурак захаваўся. Месца дам ёсьць. Я думаю, што адновім і Гарадзенскую. І гэтая эстафэта павінна перайсьці з Магілёва на захад”, мяркуе Алег Трусаў.


Магілёўскую мураваную ратушу ўзьвялі ў 1681 годзе. У ліпені 1957 году прызнаны помнік архітэктуры зьнішчылі. Упершыню пра адбудову ратушы пачалі гаварыць яшчэ ў 1975 годзе. Аднавіць яе зьбіраліся й напачатку 1990-х гадоў. Тады гарвыканкамам кіраваў першы дэмакратычна абраны старшыня Сяргей Габрусеў. 23 траўня 1992 году адбылася сымбалічная закладка першага каменя ў падмурак ратушы.

Справа аднак далей не пасунулася. За адбудову ўзялі зноў у 2007 годзе. Сёлета трэцяга ліпеня яе адкрылі. Паводле Алеся Агеева бліжэйшае паседжаньне гарсавету адбудзецца ў ратушы. Цяпер у ёй месьціцца музэй гісторыі Магілёва.