Беларус супраць “Бульбаша”

Жыхар Віцебску Сяргей Каваленка патрабуе, каб вытворцаў настойкі “Бульбашъ” прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за абразу годнасьці беларускай нацыі.

Віцебскі сябар КХП БНФ спадар Каваленка лічыць, што “бульбаш” — гэта зьневажальная для беларуса мянушка. Таму ён зьвярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёну Віцебску, каб вытворцу вядомага брэнду — менскі “Завод вінаградных вінаў «Дыяніс»” — прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

У прыватнасьці, у ягонай заяве на імя пракурора гаворыцца: “На мой погляд, слова «Бульбашъ» падрывае павагу да беларусаў, выклікае непрыняцьце беларускай культуры, нацыянальнага ладу жыцьця беларусаў, гаворыць аб непаўнавартаснасьці, абмежаванасьці беларусаў. Да таго ж слова «Бульбашъ» не зьяўляецца літаратурным і здаўна лічыцца зьневажальнай мянушкай беларуса”.

Паводле спадара Каваленкі, наўрад ці можна чакаць, каб ва Ўкраіне пачалі выпускаць нейкі напой пад назвай “Хахол”, або ў Расеі — пад назвай “Маскаль”.

На ягоную думку, завод “Дыяніс” мусіць адмовіцца ад выкарыстаньня назвы “Бульбашъ”. З гэтай прапановай ён зьвярнуўся да адміністрацыі прадпрыемства і днямі атрымаў адказ. У расейскамоўным лісьце за подпісам дырэктара прадпрыемства М. Лявончыка гаворыцца: “…пра наданьне слову «Бульбашъ» таго сэнсу, які вы прапагандуеце, нам нічога не вядома. Наданьне вамі гэтаму слову адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіраванае на распальваньне варожасьці, прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, таму хацелі б вас засьцерагчы ад такога памылковага і небясьпечнага шляху”.

Свой зварот у пракуратуру Сяргей Каваленка тлумачыць тым, што паразуменьня з адміністрацыяй заводу “Дыяніс” не атрымалася. Сваё меркаваньне, што выкарыстоўваць назву “Бульбашъ” недапушчальна, ён зьбіраецца адстойваць далей.