Бабуля Тані Казыры напісала заяву ў беларускае МЗС

Таня Казыра разам з амэрыканскай сям'ёй

Беларусі бок плянуе афіцыйна зьвярнуцца да кампэтэнтных органаў ЗША з патрабаваньнем зрабіць неабходныя захады для забесьпячэньня вяртаньня Тані Казыры ў Беларусь.

Пра гэта заявіў прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў. Ён пракамэнтаваў інфармацыю ў мэдыях пра тое, што Таня Казыра, якая цяпер знаходзіцца ў ЗША, хоча вярнуцца ў Беларусь.

Ён апавёў, што сёньня ў МЗС паступіла афіцыйная заява бабулі і апекуна Тані Надзеі Новік. У заяве зьмяшчаецца просьба “зрабіць неабходныя захады для хуткага вяртаньня Тані ў Беларусь”. Надзея Новік пацьвердзіла, што Таня “прыняла адназначнае рашэньне вярнуцца на радзіму”.

Паводле спадара Папова, “бабуля ў сваёй заяве выказвае заклапочанасьць, што сям’я Запатаў, дзе жыве дзяўчына, перашкаджае арганізацыі вяртаньня яе ў Беларусь, і забараняе ёй зьвязвацца па тэлефоне зь беларускім консулам у Вашынгтоне”.

Паводле прэсавага сакратара МЗС, гэтыя дзеяньні апякунка Тані кваліфікуе як “незаконнае ўтрыманьне на тэрыторыі ЗША сваёй непаўналетняй падапечнай”.

Прадстаўніку МЗС Беларусі ўдалося зьвязацца з Таняй па тэлефоне, якая “пацьвердзіла яму сваю настойлівую просьбу дапамагчы ёй як мага хутчэй вярнуцца дадому”.