Адкуль беспрацоўе?

Урад Беларусі прагназуе, што ў 2009 – 2010 гадах у дваццаці адным малым горадзе павялічыцца беспрацоўе. У паведамленьні прэсавай службы ўраду не ўказваецца, якога канкрэтна ўзроўню беспрацоўе дасягне. Зазначаецца толькі, што, каб не дапусьціць яго росту, распрацоўваюцца адмысловыя дзяржаўныя праграмы. На Магілёўшчыне чакаюць беспрацоўя ў Касьцюковічах, Кіраўску ды Краснапольлі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі беспрацоўе на Магілёўшчыне не перавышае аднаго працэнту – гэта крыху болей за пяць тысяч чалавек. Афіцыйныя крыніцы цягам году цьвердзілі: беспрацоўе няспынна зьмяншаецца. Зьмяншалася яно і ў Краснапольлі, Касьцюковічах ды Кіраўску. На барацьбу зь ім быў выдаткаваны не адзін мільярд рублёў. Дык з адкуль такі пэсымістычны прагноз ураду?

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што падлік беспрацоўя ў нас своеасаблівы і арыентавацца на яго як на паказьнік сытуацыі на рынку працы ня варта, бо ў цэнтрах занятасьці рэгіструюць толькі тых, хто туды зьвярнуўся па працу. Эканаміст лічыць, што рэальна беспрацоўных нашмат больш. Іх колькасьці ня ведаюць нават чыноўнікі. Што да паведамленьня прэс-службы ўраду, то спадар Злотнікаў зазначае:

“Урад цяпер сыходзіць з новай сытуацыі. Краіна ўцягваецца ў фінансавы і эканамічны крызыс і тут гаворка ідзе пра тое, што беспрацоўе пашырыцца ня ў выніку правалу тых праграмаў разьвіцьця малых гарадоў, а ў выніку пашырэньня крызысу глябальнага пашырэньня яго на Беларусь”.

Паводле эканаміста ўрадоўцы прагназуюць спыненьне тых нешматлікіх прадпрыемстваў, якія ёсьць у малых гарадах, і рыхтуюць да гэтага як чыноўнікаў, гэтак і насельніцтва.

Паводле ацэнак спэцыялістаў найбольш складаная сытуацыя на рынку працы Магілёўшчыны чакаецца ў Краснапольлі. У мясцовым райвыканкаме гэтыя ацэнкі не камэнтуюць:

“Інфармацыю я нікому ніякай даваць ня буду. Выбачайце, калі ласка. Я ня ведаю, якія спэцыялісты што прагназавалі. У нас наадварот беспрацоўе зьмяншаецца”.

Краснапольскі раён пацярпеў ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У раёне жыве каля трынаццаці тысяч чалавек. Усё працаздольнае насельніцтва занятае ў сельскай гаспадарцы. Улетку мясцовая ўлада аб’яднала ўсе сельгаспрадпрыемствы ў адно, для, як тлумачылася, найбольш эфэктыўнага выкарыстаньня працоўнай сілы.

Паводле жыхара Краснапольля Аляксандра, краснапольцы ўжо даўно махнулі рукой на тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, а аддаюць перавагу заробкам у Расеі.

“У Краснапольлі засталіся самыя лянівыя, хто не шавяліцца і ў каго яшчэ больш менш прыстойная праца. Гэта пажарная, міліцыя, горгаз. А так усе вытворчасьці парушаныя. Нікому нічога там ня трэба”.

У Краснапольлі засталіся самыя лянівыя, хто не шавяліцца і ў каго яшчэ больш менш прыстойная праца
Калі з Краснапольлем усё больш менш ясна, то з Касьцюковічамі, дзе знаходзіцца Беларускі цэмэнтны завод, не зусім. У райвыканкаме атрымаць камэнтар на гэты конт не ўдалося.

Пра касьцюковіцкую рэчаіснасьць распавёў тамтэйшы жыхар Мікола Малахаў:

“У нас у асноўным на цэмзаводзе працуюць людзі. Там толькі працуе недзе паўтары, ці тысяча семсот чалавек. Калі ўрад так заявіў, можа, прагназуе, што скароціцца колькасьць працоўных. Многія ў нас зьяжджаюць у Расею і там працуюць. А дзе ж тут працаваць. Тут быў трэст яго ўжо даўно няма, закрылі й малочны завод”.

Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня, раённыя, гарадзкія і абласныя выканкамы ўжо нібыта распрацавалі адмысловыя праграмы для стрыманьня беспрацоўя на ўзроўні аднаго працэнту. Сярод мераў прадугледжваецца нават перасяленьне трохсот пяцідзесяці сямей беспрацоўных. На гэта выдаткоўваецца 712 мільёнаў рублёў.