Лукашэнка хоча “індульгенцыю ад ЗША”

У інтэрвію амэрыканскай газэце “The Wallstreet Journal” кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у наладжваньні дыялёгу з ЗША. Аднак прадстаўнікі дэмсілаў у Беларусі спадзяюцца, што ЗША будуць пасьлядоўнымі ў абароне традыцыйна амэрыканскіх каштоўнасьцяў.

Аляксандар Лукашэнка спадзяецца пры новым прэзыдэнце ЗША Бараку Абаме наладзіць беларуска-амэрыканскія дачыненьні і вярнуцца да “таго этапу, якасьці, якія былі да крызісу”. Аднак, усё, маўляў, залежыць ад Вашынгтону. Кіраўнік Беларусі хоча пачатку дыялёгу без “выбудоўваньня нейкіх дадатковых бар’ераў і папярэдніх умоваў”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка з гэтай нагоды заявіў:

Вінцук Вячорка
“Тут, сапраўды, шмат што залежыць ад новай амэрыканскай адміністрацыі. Наколькі яна будзе пасьлядоўнай у абароне традыцыйна амэрыканскіх каштоўнасьцяў, сярод якіх свабода, дэмакратыя і правы чалавека. Яны заўсёды мелі ключавую ролю. Я думаю, што Лукашэнку спадабалася нічым не заслужаная індульгенцыя з боку Эўрапейскага зьвязу. Яму спадабалася тое, што, фактычна, ніякіх каштоўнасных патрабаваньняў цяпер абсалютная бальшыня эўрапейцаў не агучвае, наіўна спадзеючыся паўдзельнічаць у анансаванай Лукашэнкам прыватызацыі. Дарэчы, лопнула, як мыльная бурбалка, эўрапейскае апраўданьне новай палітыкі стасоўна Лукашэнкі клопатам пра незалежнасьць Беларусі. Лопнула яно разам з аднаўленьнем дыялёгу з Расеяй пасьля расейска-грузінскай вайны. Ну вось жа цяпер Лукашэнка спадзяецца на такую ж беспрынцыповасьць з боку ЗША”.

Афіцыйны Менск пакуль не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Аднак у інтэрвію Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускі бок падтрымае Расею ў яе “адэкватных дзеяньнях” у адказ на разьмяшчэньне амэрыканскіх проціракет у Эўропе.

Ці выкліканыя заявы кіраўніка Беларусі аб паляпшэньні стасункаў з ЗША падрыхтоўкай да сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі і спрэчкамі па цэнах на расейскі газ? Палітоляг Андрэй Фёдараў не выключае такога сцэнару:

Андрэй Фёдараў
“Калі ў нас узьнікае напружанасьць у размовах з Масквой, то заўсёды пачынаюцца нейкія меры па паляпшэньні стасункаў з Захадам. Тут гэтага выключаць нельга. Па-другое, абраны новы прэзыдэнт ЗША, які абяцаў крыху зьмяніць зьнешнюю палітыку. Пакуль пра Беларусь ён нічога не казаў. Але агульныя падыходы яго, як быццам, новыя. Па трэцяе, яшчэ і газэта “The Wallstreet Journal” амэрыканская. Так што тут такая сукупнасьць фактараў, я думаю, тут усё адзін да аднаго”.

Нагадаем, што дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку гэтага году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна паменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША адмянілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.