Валютчыкі вярнуліся

Супрацоўнікі міліцыі склалі 11 адміністрацыйных пратаколаў за парушэньне валютных апэрацый. Так званых “чорных валютчыкаў” пакаралі штрафам у 10 мільёнаў рублёў.
Паводле заканадаўства валюта, якую знайшлі ў затрыманага, і тыя грошы, якія абменьваліся па-за абменным пунктам, падлягаюць канфіскацыі. Праваахоўныя органы тлумачаць зьяўленьне валютчыкаў каля абменных пунктаў часовым дэфіцытам даляраў.
Праваахоўныя органы распрацавалі шэраг захадаў, каб прадухіліць абмен грошай грамадзянаў па-за абменнымі пунктамі банкаў у Менску і ў рэгіёнах. Людзі яшчэ памятаюць чэргі 90-х каля абменных пунктаў. Адна чарга, у якой стаялі, каб набыць даляры, была значна даўжэйшая за другую — каб здаць валюту. Пасьля выхаду Дэкрэту № 1 супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі дзясяткаў валютчыкаў. Адных штрафавалі, іншых — каралі арыштамі да 15 сутак.
Цягам тыдня гэтая забытая ўжо сытуацыя каля абменных пунктаў пачала вяртацца. Людзі пытаюцца, ці можна набыць даляры — ім прапануюць пачакаць, пакуль нехта здасьць. Часам да чаргі падыходзяць маладыя людзі і прапануюць свае паслугі.
Старшы опэрупаўнаважаны ў асабліва важных справах упраўленьня па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Вольга Загароўская паведаміла “Свабодзе”:
“Міністэрства зрабіла папераджальныя захады і накіравала праваахоўныя органы на выяўленьне і скасаваньне дзейнасьці асобаў, якія займаюцца незаконнымі валютнымі апэрацыямі. У дадзеным кірунку мы таксама шчыльна супрацоўнічаем з банкамі.
Я думаю, што зьяўленьне “чорных валютчыкаў” — гэта часовая зьява, часовы ажыятаж з далярамі. Таму прагназаваць усплёск колькасьці валютчыкаў, я думаю, ня варта”.
Вольга Загароўская апавяла, што калі набываеш валюту з рук, падвышаюцца шанцы абмяняць свае грошы на фальшывыя. Днямі ў Магілёве грамадзянін Расеі абмяняў па-за абменным пунктам расейскія рублі на дзьве з паловай тысячы даляраў, якія, як потым высьветлілася, усе былі фальшывыя.
Самі міліцыянты прычынай вяртаньня “чорных валютчыкаў” называюць сусьветны фінансавы крызіс. Грамадзяне Беларусі менш давяраюць нацыянальнай валюце і намагаюцца перавесьці яе ў даляры.
Праваахоўныя органы зарыентаваныя на тое, каб прадухіліць вываз даляраў іншаземцамі з тэрыторыі краіны.
Кіраўнік аддзелу інфармацыі МУС Алег Сьлепчанка апавёў:
“Трэба прадухіліць вываз валюты з тэрыторыі Беларусі. Ёсьць такая інфармацыя, што з суседніх краінаў паедуць да нас “хадакі”, якія будуць абарочваць нехадавую ў іх валюту ў даляры”.
Вольга Загароўская паведаміла, што, паводле інфармацыі з Нацыянальнага банку, дэфіцыту валюты ў абменных пунктах не павінна быць. Яна паведаміла, што банк і МУС наладзілі супрацоўніцтва. Але на практыцы ахвотных набыць амэрыканскія даляры значна больш, чым тых, хто жадае абмяняць іх на беларускія рублі.