Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2010 годзе?

Міхаіл Лазавік

Адна зь перадачаў Беларускай тэлевізіі навяла аднаго нашага слухача на думку, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца не ў 2011, а ў 2010 годзе.
Слухач “Свабоды” затэлефанаваў на наш тэлефон-аўтаадказьнік 266-39-52 і зьвярнуўся па ўдакладненьне:

“Па тэлевізіі былы і цяперашні дэпутат Давыдзька - ці то ён прагаварыўся, але ніхто і не паправіў - сказаў, што ў нас 2010 год важны - будуць выбары прэзыдэнта. Можа, і сапраўды перайгралі і будзем прэзыдэнта выбіраць у 2010 годзе? Удакладніце, калі ласка”.

Удакладніць сытуацыю мы папрасілі сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка:

“Выбары прэзыдэнта ў нас праводзяцца за два месяцы да завяршэньня тэрміну паўнамоцтваў. Тэрмін паўнамоцтваў распачынаецца з моманту інаўгурацыі. Інаўгурацыя была 8 красавіка. Значыць, выбары прэзыдэнта павінны быць не пазьней за 8 лютага [2011 году. - вэб-радактар]. Прыкладна ў гэты ж час завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў мясцовых саветаў. А менавіта: выбары адбываліся 14 студзеня — значыць, да 14 сьнежня [2010 году. - вэб-радактар] павінны прайсьці выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Канечне, дзьве выбарчыя кампаніі за такі кароткі прамежак часу — гэта вельмі вялікая нагрузка ня толькі для арганізатараў выбараў, але і для саміх выбарцаў, гэта вялікія фінансавыя выдаткі. Таму мы, сябры Цэнтравыбаркаму, лічым, што было б мэтазгодным аб’яднаць гэтыя дзьве кампаніі. Але паколькі выбары дэпутатаў нельга праводзіць пазьней за сярэдзіну сьнежня, то неабходна будзе раней правесьці прэзыдэнцкія выбары. Вось пакуль што такія чыста тэарэтычныя развагі”.