Пад Віцебскам ушанавалі памяць ахвяр сталінізму <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Група мясцовых партыйных і дэмакратычных актывістаў выправілася на месца масавых растрэлаў мясцовых грамадзян каля вёскі Паляі Віцебскага раёну.

Паводле сьведчаньняў мясцовых насельнікаў, у лесе каля гэтай вёскі у 1937-1941 гадах на загад НКВД былі расстраляныя некалькі сотняў жыхароў вакольных вёсак. На знак памяці пра гэтыя падзеі на ўзьлеску ўзбоч шашы Віцебск-Лёзна стаяць тры мэмарыяльныя крыжы, пастаўленыя ў розныя гады віцебскімі апазыцыйнымі актывістамі.

Першы крыж, усталяваны ў гэтым месцы ў 1989 годзе, не захаваўся. Няма ўжо і шмат каго з тагачасных сяброў Беларускага народнага фронту, якія ініцыявалі ўсталяваньне гэтага крыжа. 2-га лістапада сябры зьбіраюцца наведаць магілы тых, хто зьбіраў першыя зьвесткі пра сталінскія катаваньні на Віцебшчыне — заснавальнікаў віцебскай суполкі БНФ Алеся Мудрычэнкі, Сяргея Цярэнцева, Уладзімера Плешчанкі, Розы Пушкаровай.

Прыбраўшы сёньня месца загубы сталінскіх ахвяраў, віцебскія актывісты запалілі сьвечкі, згадаўшы й тых, хто знайшоў тут апошні спачын, і тых, хто дбаў пра ўшанаваньне іхнае памяці.

Кіраўнік абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў распавёў прысутным, што яшчэ пазалетась партыйцы накіравалі зварот у Віцебскі аблвыканкам, каб стварыць каля вёскі Паляі мэмарыял на знак памяці бязьвінна расстраляных землякоў. Станоўчага адказу ад уладаў пакуль няма, хоць тутэйшыя аматары гісторыі і краязнаўства сабралі багата сьведчаньняў пра колішнія трагедыі.

Сябры Партыі БНФ мяркуюць, што з часам яны створаць мэмарыял уласнымі сіламі: усталююць яшчэ некалькі дзясяткаў крыжоў уздоўж дарогі, якая вядзе ад шашы ў глыбіню лесу, дзе адбываліся расстрэлы. А пакуль віцебскія актывісты выдалі буклет “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, дзе зьмешчаны матэрыялы пра сталінскія расстрэлы пад вёскай Паляі.