Парыскія цікавосткі

Аўтар за сталом, за якім Напалеон Банапарт падпісаў адрачэньне ад улады імпэратара Францыі

Завяршэньне фотаблогу з Парыжу.

У Парыжы так шмат усяго цікавага, і кожны дзень час ўдавалася заўважаць нешта новае, незвычайнае. Тым болей, што дзякуючы МЗС Францыі, якое арганізавала паездку для беларускіх журналістаў, удалося патрапіць у месцы, дзе звычайныя турысты рэдка бываюць. Але ўсё не апішаш, таму я на фінал я падрыхтаваў выбранае з таго, што мяне ўразіла.

Пачну з Нацыянальнай асамблеі. Парлямэнт Францыі знаходзіцца ў старажытным палацы на беразе Сены. Калі мы туды трапілі, у даволі цеснай сэсійнай зале было шумна, дэпутаты нешта выкрыквалі. Яны заслухоўвалі адказы сябраў ураду і часта былі незадаволеныя імі. Такую атмасфэру ў беларускім парлямэнце апошні раз я назіраў хіба што у 1996 годзе… У францускім парлямэнце ў дзень нашай экскурсіі найбольшыя воплескі дэпутатаў сабрала заява аднаго зь іх калег аб тым, што найбольшы заробак з дзяржслужачых атрымліваюць 90 урадоўцаў з атачэньня прэзыдэнта Нікаля Сарказі, і што трэба ўвогуле ўрэзаць фінансаваньне Элізейскага палацу.

Дэбаты ў францускім парлямэнце

Ад часоў Вялікай францускай рэвалюцыі ў Нацыянальнай асамблеі праходзіць штодзённая цырымонія вітаньня сьпікера парлямэнту ганаровай вартай узброеных сіл. Вельмі ўрачыста. Ніжэй можна паглядзець фота і відэазапіс. Пасьля цырымоніі прадстаўнікі парлямэнту суправаджаюць гэтых вайскоўцаў у казармы. Раней баяліся перавароту. Цяпер — традыцыя.

Цырымонія вітаньня старшыні парлямэнту



У памяшканьнях парлямэнту шмат раскошы, якая засталася ад каралеўскіх часоў, і была бездакорна рэстаўраваная. У цырыманіяльным кабінэце старшыні асамблеі засталося бюро, на якім Напалеон Банапарт першы раз падпісаў адрачэньне ад улады.

У Францыі даўно няма імпэратара. Але кіраўнік краіны ўплывовы і цяпер. У студзені прэзыдэнт Сарказі заявіў, што на дзяржаўных тэлеканалах ня будзе рэклямы. І вось ужо ў наступным годзе пачнецца выкананьне гэтай задачы, увасобленай у законе: паказ рэклямы па 5 дзяржаўных каналах будзе зьменшаны, яе ня будзе з 20.00 да 6.00 гадзін, а з 2011 году — спыніцца зусім. Будзе скарочана 350 працоўных месцаў.

Старшыня міжнароднага дэпартамэнту France Televisions Жан-Луп Калязэль (Jean-Loup Calazel) расказвае пра тэлебачаньне без рэклямы

Парыж па-свойму вырашае транспартную праблему: усё больш жыхароў перасела з машын на матацыклы, а мэрыя прапанавала боль рашучы крок: езьдзіць на муніцыпальных веласіпэдах: ва ўсіх раёнах горада ёсьць стаянкі аднолькавых веласіпэдаў сыстэмы Velib. Іх можна ўзяць бясплатна на паўгадзіны, далейшая паездка каштуе эўра-два. Веласіпэд можна пасьля паездкі паставіць на любую з адмысловых стаянак у горадзе.

Паслуга карыстаецца папулярнасьцю.

Ровары сыстэмы Velib

Турыстам жа прапануюць і паслугі веларыкшаў. Але ахвотных імі скарыстацца малавата. Гадзіна паездкі на аднаго каштуе 25 эўра, на дваіх — 30.

Парыскі веларыкша

Зарабіць на турыстах імкнуцца многія. У тым ліку і спэцыялісты рэдкіх цяпер прафэсій.

Парыскі шарманшчык

Жанглёр на Манмартры

Жабраваць у Парыжы не забараняецца. Бедныя і бяздомныя маюць магчымасьці знайсьці ложак у сацыяльных прытулках, але часам можна пабачыць, як яны ўкладваюцца на начлег у нейкіх зацішных закутках дамоў ці нават на тратурарах.

Жабрак на Елісейскіх палях

Пляц Пігаль і бульвар на вуліцы Клішы па начах запоўненыя аматарамі “клубнічкі”. Чэргі ў знакамітае кабарэ Мулен Руж стаяць і днём.

Мулен Руж

А вось чэргаў у расейскія гастраномы я не бачыў. Такіх у Парыжы пяць. Там прадаецца пераважна расейская і ўкраінская гарэлка ды закуска зь ліку настальгічных для расейскіх ды экс-савецкіх эмігрантаў прадуктаў. Зь беларускай прадукцыі тут часам бываюць цукеркі.

Расейскі гастраном на бульвары Манпарнас

На гэтым я завяршаю камандзіроўку і свой “Парыскі блог”. Шчыра дзякую Дырэкцыі камунікацыі і інфармацыі Міністэрства замежных справаў Францыі, амбасадзе Францыі ў Менску за спрыяньне і клопат у арганізацыі паездкі і сустрэч групы беларускіх журналістаў.

Група беларускіх журналістаў у Парыжы