Прэмію імя Сахарава атрымаў кітаец Ху Цзя

Ху Цзя

Ляўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” стаў кітайскі палітычны актывіст Ху Цзя, які цяпер знаходзіцца ў турме. Пра гэта абвясьціў сёньня старшыня Эўрапарлямэнту Ханс-Герт Пётэрынг.

Дзейнасьць выбітнага кітайскага праваабаронцы і дысыдэнта Ху Цзя ахоплівае шырокі дыяпазон пытаньняў, у тым ліку ахову навакольнага асяродзьдзя, праблему ВІЧ-СНІД, заклікі да расьсьледаваньня крывавых падзеяў на плошчы Т’яньаньмэнь. Ён таксама дзейнічае як каардынатар руху “босых юрыстаў”.

Спадар Пётэрынг, называючы імя ляўрэата прэміі імя Сахарава — Ху Цзя, падкрэсьліў, што Эўрапарлямэнт цьвёрда і рашуча выказвае прызнаньне штодзённай барацьбы ўсіх праваабаронцаў Кітая за свабоду.

Сярод іншых намінантаў на прэмію імя Сахарава “За свабоду думкі” быў экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, былы палітвязень Аляксандар Казулін.

Таксама на прэмію сёлета вылучаліся Далай-лама, кіраўнік выбарчай камісіі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга абат Апалінары Малу Малу, экс-кандыдат у прэзыдэнты Зымбабвэ Морган Цвангіраі, француская закладніца групоўкі “Рэвалюцыйныя сілы Калюмбіі” Інгрыд Бэтанкур, расейскі праваабаронца Міхаіл Цяпашкін.

Прэмія імя Сахарава была зацьверджаная Эўрапарлямэнтам у 1988 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненьні ў справе правоў чалавека і ягоных свабод, а таксама за шанаваньне міжнароднага заканадаўства і разьвіцьцё дэмакратыі”. Памер прэміі — 50 тысяч эўра.

У 2004 годзе прэміяй імя Сахарава была ўганараваная грамадзкая арганізацыя “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, у 2006 годзе яе ляўрэатам стаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.