Кошт шэнгенскіх візаў пакуль ня зьнізяць

У Эўрапейскага зьвязу пакуль няма плянаў пачаць перамовы зь беларускім бокам адносна зьмяншэньня кошту шэнгенскіх візаў.

Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы Хавіера Саляны.

“Эўразьвяз толькі на пачатку сваіх новых дачыненьняў зь Беларусьсю, і разьвіцьцё гэтых дачыненьняў будзе залежаць ад дзеяньняў беларускіх уладаў у сфэры правоў чалавека. Зарана гаварыць пра новыя дачыненьні ў падрабязнасьцях.

Візы — важная праблема ў дыялёгу з Брусэлем. Але цяпер няма ніякіх плянаў распачаць перамовы наконт палёгкі зь візамі. Асобныя краіны-сябры ЭЗ, якія ўваходзяць у шэнгенскую зону, маюць у справе візаў адносную свабоду дзеяньняў, і важна, каб яны пабачылі, што яны могуць зрабіць на гэтым узроўні”.