Тэлефонная лятарэя: падман ці бізнэс?

Абанэнтаў мабільнай сувязі “Velcom” заклікаюць ўдзельнічаць ў лятарэі “Завядзі мару!”, у якой штодня разыгрываюцца аўтамабілі “Фольксваген “Пола”. Аднак некаторыя ўдзельнікі кажуць пра ашуканства і не выключаюць, што будуць мяняць апэратара.

У нядзелю мой тэлефон прыняў sms-паведамленьне: “Velcom” пытаўся, ці не хачу я паўдзельнічаць ў розыгрышы аўтамабіля “Фольксваген “Пола”? У выпадку згоды мне прапанавалі адправіць sms на нумар 777. Папярэдзілі: паведамленьне будзе каштаваць 1800 рублёў плюс падатак. Я адказаў згодай, пасьля чаго прыйшло новае паведамленьне: каб павялічыць шанцы на выйгрыш, мне прапаноўвалі адказаць на 10 пытаньняў. Супакоілі: “Падказкі будуць бясплатныя”. Далей пасыпаліся пытаньні, кшталту: За якую краіну сьпявала на “Эўрабачаньні” Натальля Падольская: за Расею ці Манголію? Гэта мне хутка надакучыла, і я перастаў адказваць.

У панядзелак мабільнік заблякавалі. Як звычайна, заплаціў 10 тысяч рублёў, але тэлефон гэтак і не ажыў. Толькі тады я зазірнуў у балянс і жахнуўся: мой доўг “Velcomу” быў ажно 28 тысяч рублёў! Столькі я звычайна нагаворваю за месяц. Вось калі згадаў пра амаль 2 тысячы за эсэмэску. Але ж ніхто не паведамляў, што гэтак будзе каштаваць кожны мой адказ!

У офісе “Velcom” супрацоўніца пераконвала: “Вам жа прыходзіла паведамленьне, што sms платныя. Адна sms каштуе 1800, а з падаткамі 1980 рублёў.”

Каб тэлефон запрацаваў, давялося заплаціць па рахунку.

Праз дзень на “Свабоду” патэлефанаваў слухач, якога завуць Мікалай. Прозьвішча ён прасіў не называць, паколькі сорамна перад сваякамі і знаёмымі: чалавек дзякуючы “Velcom” прайграў столькі, што яму жахліва і сорамна адначасова. Атрымліваецца, я не адзіны! Мікалай:

“Гэта такі бізнэс, які нагадвае падман. Бо пад кожнай эсэмэскай мусіць ісьці яе кошт. А тэкст першай выглядаў гэтак, што вы заплаціце 1800 з падаткам і далей можаце гуляць бясплатна”.

Абанэнт быў вельмі пакрыўджаны на “Velcom”, кліентам якога быў болей за 8 гадоў.

Гэта такі бізнэс, які нагадвае падман. Бо пад кожнай эсэмэскай мусіць ісьці яе кошт. А тэкст першай выглядаў гэтак, што вы заплаціце 1800 з падаткам і далей можаце гуляць бясплатна
“Ніколі не чакаў такога ад “Velcom”. Мяркую, апэратар сотавай сувязі мусіць займацца сотавай сувязьзю. А калі ён хоча зрабіць нейкія падарункі сваім абанэнтам, то рабіць гэта не за кошт іншых абанэнтаў. На мой погляд, гэта не зусім сумленна”.

Атрымаць камэнтар ў кіраўніцтва “Velcom” мне не ўдалося – ў аддзеле працы з кліентамі адмовіліся злучыць з кіраўніцтвам, параіўшы запісацца на прыём. Супрацоўніца Натальля патлумачыла, чаму “Velcom” не адразу адключае мабільныя тэлефоны тых кліентаў, якія нашмат перавысілі свой балянс, гуляючы ў лятарэю “Завядзі мару!”

“Справа ў тым, што разьлік званкоў – гэта складаны тэхнічны працэс. На гэта ідзе ня меней за дзень”.

Між тым пацярпелы ад лятарэі Мікалай кажа, што і пасьля першага дня гульні ягоны тэлефон ня быў адключаны. Яму зноў прышлі пытаньні, і ён зноў адказваў на іх ў перакананьні, што эсэмэскі бясплатныя. Тэлефон заблякавалі толькі на трэці дзень.

“Velcom” паведамляе, што латэрэя “Завядзі мару” будзе працягвацца ажно 77 дзён.