“Беларускія ўлады распачалі небясьпечную гульню...”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 8 кастрычніка, сераду.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін падчас афіцыйнага візыту ў Менск даў станоўчую ацэнку парлямэнцкім выбарам, якія прайшлі ў Беларусі. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтую тэму:

Міхал Сівы, Меншчына: “Праслухаўшы пахвальнае слова высокапастаўленага расейскага дзюдаіста Пуціна ў гонар нядаўніх, да немагчымага дэмакратычных выбараў у “палатку”, хачу падзякаваць назіральнікам АБСЭ за іх праўдзівы погляд і непрадажную сумленнасьць пазыцыі. Калі ласка, і надалей не забывайце нас, беларусаў”.

Юры Конышка, Орша: “Пуціну нічога не застаецца, як павіншаваць Лукашэнку з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, таму што сам Пуцін праводзіў такія ж самыя хлусьлівыя выбары ў Чачні, і ў Расеі на апошніх выбарах ён таксама іграў не апошнюю ролю. Ўсюды наперадзе была хлусьня, безь якой Расея і Беларусь ня могуць разьвівацца”.

Спадар: “Я хачу пракамэнтаваць учорашні выступ Лукашэнкі. Ён казаў, што самыя дэмакратычныя выбары ў нас, у ніводнай эўрапейскай краіне такіх няма. АБСЭ лічыць, што назіральнікі павінны прысутнічаць пры падліку галасоў. Як ён абураецца! Не давяраць нам! А сэнс? Тады ж выбараў няма. Калі ня будзе адкрытасьці падліку галасоў, усё гэта ня мае сэнсу. Гэта ён рыхтуецца да будучых выбараў прэзыдэнта, толькі і ўсяго”.

Ствараючы расейска-беларускую вайсковую групоўку на нашай тэрыторыі, беларускія ўлады распачалі небясьпечную гульню. Гэта пачатак здачы Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі
Кавалёў:
“Падчас галасаваньня не павінна быць ніякай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі з боку дзяржаўных структураў і зацікаўленых асобаў. Паколькі асноўны прынцып Выбарчага кодэксу ў гэтым пляне быў парушаны, то выбары ў Палату прадстаўнікоў нельга лічыць сапраўднымі”.

Аляксей: “Я быў назіральнікам падчас выбараў. У дзень выбараў 28 верасьня чальцы ўчастковых камісій хадзілі з урнамі па кватэрах і навязвалі галасаваньне, хаця іх ніхто ў нашы кватэры не запрашаў. Таксама падключылі настаўнікаў, якія казалі вучням, каб іх бацькі ішлі галасаваць. Заганялі на выбары, гэта адно. Вось так з кожным годам спосабы і мэтады ўдасканальваюцца”.

Спадарыня: “Ва ўмовах, калі не было, па сутнасьці, ніякай выбарчай кампаніі, апазыцыя здолела атрымаць фактычную перамогу шмат у якіх акругах, здолела сабраць дакладныя факты фальсыфікацыяў, здолела сарваць уладам плян на прызнаньне “палаткі”. А ўлады, хаця нібыта спачатку спрабавалі гуляць па правілах, доўга ня вытрымалі, і напрыканцы кампаніі ў іх відавочна здалі нэрвы. Калі параўноўваць з гульнёй у шахматы, то апазыцыя зрабіла шах і пагражала матам. А ўлады адрэагавалі дошкай па галаве”.

“Ствараючы расейска-беларускую вайсковую групоўку на нашай тэрыторыі, беларускія ўлады распачалі небясьпечную гульню. Гэта пачатак здачы Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі. Не дапусьціць гэтага — справа Аб'яднаных дэмакратычных сіл”, — піша ў СМС-паведамленьні слухач “Свабоды” Ільля Копыл.

Яму адказвае старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Такая групоўка існуе даўно. Аўтар гэтага СМС проста, напэўна, ня ведае. Гэта 300 тысяч чалавек і вялікая колькасьць узбраеньня. На яе ўтрыманьне ёсьць фінансаваньне з саюзнага бюджэту. Таму зараз зусім іншыя задачы — задачы гэтую групоўку прыбраць”.

Далей выказваньне на адрас апазыцыі:

Спадарыня: “Хачу выказаць сваё стаўленьне да нашай беларускай апазыцыі. Аднойчы выступала жанчына па вашым радыё і казала, што апазыцыя самая дэмакратычная, самая харошая, самая разумная… Карацей, такое прыемнае выказваньне. І я нават яе слухала і думала, што наша апазыцыя — сапраўдная апазыцыя, якая дапамагае і прэзыдэнту, і ўраду, і народу як-небудзь выйсьці да добрага жыцьця. Але як аказалася… Няўжо апазыцыя набралася такіх мэтадаў, каб зрабіць нашую краіну дэмакратычнай? Ды ніколі ў жыцьці!”

Выказваньне камэнтуе адзін зь лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч:


“Ва ўсім сьвеце апазыцыя — гэта неабходная частка палітычнай сыстэмы краіны. Што тычыцца мэтадаў, то нашыя мэтады якраз і грунтуюцца на эўрапейскіх каштоўнасьцях, на прынцыпах прагрэсу і свабоды. Можна яшчэ адзначыць, што жанчына проста набралася пэўных ярлыкоў з афіцыйнай прапаганды”.




Спадар: “Слухаў па Радыё Свабода пра забарону “Тутэйшых”. Гэта глупства нейкае”.

Спадар: “Амэрыканцы да нас лезуць, нос сунуць, жыць не даюць”, — абуралася на вуліцы адна кабета. Хачу адгукнуцца на гэта. Відаць, гэта амэрыканцы адабралі ў нас ільготы, у старых ды хворых. А ўзамен нічога не далі. Праўда, праўладным дэпутатам пэнсію значна паднялі. Што будзем рабіць? Можа, накіруем свае ракеты, каб амэрыканцаў пабіць. Казаў былы ільготнік”.